Читать «Вам слова, Джон Ячмень!» онлайн - страница 10

Роберт Бёрнс

СУМЛЕННЫ ФЕРМЕР

Як помню, летам і зімой На купчых і арэндзе Сумленны фермер — бацька мой Жыў пастаянна ў нэндзе. Бывала, вучыць нас: — Сыны,— I гуртам мы — на лавы,— Лягчэй насіць нам рызманы, Чым ганьбу ад няславы. Я ў свет зляцеў і ў свет глядзеў Нявіннымі вачыма. Багатым стаць я не хацеў, Вялікім стаць — магчыма! Не быўшы ў школе між бамбіз, А ў хаце — большы ў хлудзе, Я слепа верыў у дэвіз: Усё ж праб’юся ў людзі. I так і сяк стараўся я Фартуне спадабацца, Але дарэмнаю мая Была цяжкая праца. То нос праціўнікам утру, То па сябрах — ляйчынай, I, ледзь узлезшы на гару, Я зноў лячу ў лагчыну. У рэшце рэшт па горла сыт Падкусамі і здрадай, Я ў мудрацоў пазычыў шчыт — Разжыўся іх парадай: Дабро — у чортавых зубах, Чакаць не асалода, А ён, дзень сённяшні, ў руках, Дык ім, брат, і валодай! З бядой, што з поснай лебядой, Як ты ні сёрбай — горасць. Пакуль жывеш, нішчымна еш, Рабі — і к чорту хворасць! Араць, хадзіць за бараной, Касіць, карміць скаціну — Вось той мой скарб, што бацька мой Мне ў спадчыну пакінуў. Так і цягну — ні тпру ні ну — Аб рэпе, аб капусце, А адпачну, калі труну Са мной у дол апусцяць. На заўтра планы у мяне Тандэтнай ніткай шыты, Бо дзень у дарагой цане Адзіны — не пражыты! Вучуся жыць і не тужыць, Цар між цароў убогіх, Хоць лёс мой займішчам ляжыць Мне ўпоперак дарогі. Ён, жмінда, лішні каравай На заўтра не падкіне. Што зарабіў, то й спажывай. Ну, што ж, і з тым не згінем. Бяда, як казнакрад, скубе Усе мае заробкі: Сабе карэньчык, а табе З націнкай пацяробкі. Аблуплены, як лут, стаю, I водум мой са мною: Ці я прамашку ў чым даю, Ці гонар мой віною? Хай журыцца праз вас дурны, Часовыя няўдачы, Хутчэй вас спаляць перуны, Чым я праз вас заплачу. Як трэба, ночы не дасплю I ўкрадзенае спуду Сумленнай працай зараблю, А бедаваць не буду! Табе ж, што ўсеўся на мяшках З багаццем і грашыма I хіжа шнарыш па кутках Зайздроснымі вачыма, Каб цапнуць пад сябе крадком,— Багаццем не зраўняцца З веселуном — працаўніком, Багатым чэснай працай!