Читать «Вайсковае евангелле» онлайн - страница 6

Язэп Палубятка

7.4/ Тут было спакойна. Не лаяўся прапаршчык, не гыркаў камандзір, не муштравалі сяржанты, не білі яфрэйтары.

7.5/ Спадабалася начальніку праца маладога салдата. Ён нават пачаставаў падначаленага шклянкаю піва.

7.6/ На працягу тыдня наступнага гэты ж камандзір яшчэ тры разы патрабаваў Лабуту дзеля ўласнай патрэбы.

7.7/ У часці працавалі ўсе без выключэння салдаты, хто болей, хто меней. “Салагі” не разгіналі спіны, “чарпакі” рабілі выгляд, што працуюць, “дзяды” бестурботна грэліся на сонцы.

7.8/ Старшына заўжды з задавальненнем казаў: “Праца — аснова навучання салдатау ва Узброеных сілах СССР, самая лепшая баявая падрыхтоўка”.

7.9/ За месяц службы ў войску радавы Лабута аж тры разы сустракаўся з баявою тэхнікай: два разы мыў колы БМП і адзін раз пабачыў танк у перадачы “Служу Савецкаму Саюзу” па тэлевізары.

7.10/ Працоўнае навучанне доўжылася на працягу ўсяго курса “Маладога байца”.

ЛАЗНЯ

8.1/ І казаў старшына Свістуноў маладым салдатам: “Радуйцеся, няўлюдкі, бо адзінае святое, што засталося ў савецкім войску, — лазня”

8.2/ За тыдзень службы ўся вопратка навабранцаў набрыняла потам. Сподняе, як і цела, было аднолькавага колеру і прыкра смярдзела.

8.3/ Лазня нябачным магнітам цягнула ўсіх да сябе. Настрой быў святочны. Без усялякага панукання хацелася спяваць. Цела і душа патрабавалі ачышчэння.

8.4/ Сцены будынка лазні як знешне, так і звонку былі непрыбраныя, са столі капала брудная вада, але ўсё роўна плюхацца было прыемна.

8.5/ I тут усё было падпарадкавана суровым вайсковым канонам. “Салагі” мылі плечы “дзядам”, церлі мачалкаю ды падносілі ў кубачку папіць халоднай вады.

8.6/ Усё той жа каратыш, што зваўся яфрэйтарам Чыкіным, паклікаў да сябе радавога Лабуту, разлёгся на лаўцы ды загадаў: “Бі! Моцна бі!” Лабута біў венікам з-за вуха. Яфрэйтар быў незадаволены, лаяўся, пагражаў, патрабаваў паддаць яшчэ пару. Міхась не выцерпеў абразаў, перахапіў венік і ўдарыў гузыром па галаве. Чыкін зваліўся з палка. Падбеглі “дзяды” і, каб абараніць гонар савецкага войска, са словамі “Мы выб'ем з цябе грамадзянскую пыху”, пабілі нагамі.

8 7/ “Салагі” разбегліся па кутах і не ўступіліся за Лабуту.

8.8/ Мыліся роўна паўгадзіны. Затым прапаршчык раздаваў чыстую бялізну. Раздаваў і запісваў у сшытак, хто што атрымаў. Трусы радавому Лабуце выпалі апошняга памеру. Іх можна было падцягнуць пад пахі, і ўсё роўна хаваліся калені.

8.9/ Пасля лазні ўсе вайскоўцы рушылі да казармаў, уздымаючы нагамі хмары дарожнага пылу. Пыл драў нос і садзіўся на чыстыя твары. Праз хвіліну яны (твары) змянілі свой пунсовы колер на шэры.

8.10/ Прапаршчык загадаў спяваць "Кацюшу”. Салдаты спявалі з задавальненнем і вышэй цягнулі нагу.

8.11/ У казарме ўсе мелі брудны выгляд.

ПРЫСЯГА

9.1/ Ва ўсім адчувалася святочная напружанасць, навабранцы мылі прыбіральню да пяці гадзін раніцы. Камандзір палка ўласнай насоўкай праверыў чысціню кожнай ракавіны.

9.2/ У той дзень на сняданак падалі маладую бульбу з мясам, салату са свежай капусты ды яшчэ варанае яйка і чай з цукрам. Умомант усё было з'едзена.