Читать «Вайсковае евангелле» онлайн - страница 8

Язэп Палубятка

1.11/ Шмат яшчэ чаго ён казаў, але калі салдат рабіў усё адпаведна статуту, паважаў і шанаваў, як сына роднага.

1.12/ Яшчэ ў каранціне выклікаў капітан Лабуту і запытаў: “Бульбаш?” — “3 Берасцейшчыны” — "Па-тутэйшаму можаш гаварыць?” — “А як жа, таварыш капітан!"

1.13/ Тады капітан Берагавы размаўляў з радавым Лабутам цэлую гадзіну.

КАМАНДЗІР УЗВОДА

2.1/ Радавога Лабуту прызначылі ў першы агнявы ўзвод, якім камандаваў лейтэнант Безгаловы

2.2/ Калі ён знаёміўся з салдатамі, то казаў так. “Стары лейтэнант Безгаловы”. Гаварыў ён так таму, што служыў у войску дваццаць гадоў лейтэнантам і меў прозвішча Безгаловы.

2.3/ У той дзень лейтэнант ужо зранку быў на добрым падпітку і таму ў добрым настроі, то загадаў сабраць маладых салдатаў у Ленінскім пакоі.

2.4/ І казаў падначаленым сваім лейтэнант Безгаловы: “Калі не ўмееш — навучым, калі не хочаш — прымусім”.

2.5/ Далей навучаў іх так:

— Калі камандзір размаўляе з табою, адказвай: "так” альбо "не”. Не выказваў уласнай думкі, яна нікому не патрэбная. Адгадай, што ад цябе хоча камандзір, і будзеш ухвалены ім, і атрымаеш падзяку, а яшчэ ліст-падзяку надашлюць тваім бацькам. Інакш згніеш на “губе” і не вылезеш з нарадаў.

— Памятайце, як кажа наш нампаліт: "Войска для вас — школа мужнасці”. Я — ваш камандзір, бацька ваш. Павінен вас, дурняў, розуму вучыць. Тут вы падпарадкоўваецеся мне, толькі мне і болей нікому.

— Не звяртайце ўвагі на генералаў. Генералы заўжды незадаволеныя. Званне ў іх такое.

2.6/ Слухалі лейтэнанта Безгаловага салдаты і верылі кожнаму яго слову. Верылі чукчы, верылі хахлы, верылі грузіны і верылі маскалі. Толькі Міхась Лабута не верыў, бо не слухаў. Хацелася есці.

2.7/ Дзіўны быў чалавек лейтэнант Безгаловы. Аднаго разу ён завітаў у казарму, калі ніхто ўжо не чакаў начальства і кожны займаўся сваёю справай. Камандзір узвода пачаў крычаць не сваім голасам: "Ах вы, гной! Ах вы, падла! Смірна! Маўчаць! Усіх замарыную на гаўптвахце. Здохнеце ў сральніку. Да дэмбеля з “ачка” не сыдзеце”.

2.8/ Казаць па-іншаму ён не мог, бо не ўмеў, і не таму, што яго прозвішча Безгаловы. Проста ён быў такім чалавекам.

2.9/ Для лейтэнанта Безгаловага радавы Лабута быў салдатам і болей нікім. Толькі адзін раз на працягу месяца службы камандзір заўважыў падначаленага: “Пайшоў прэч, неданосак”.

ДЗЯЎЧАТЫ

3.1/ Лабута сабраў да купы ўсе адрасы сваіх знаёмых дзяўчат і, як толькі прыбыў да месца прызначэння, напісаў усім лісты. Праз тыдзень ротны паштар прынёс адказы. Дзяўчаты, як адна, сцвярджалі, што кахаюць яго і будуць чакаць. Радасць была бязмежная, і ён усім хваліўся гэтым.

3.2/ Зноў тэрмінова разляцеліся лісты каханым. Настаў шчаслівы час чакання.

3.3/ На гэты раз прыйшло толькі шэсць адказаў.

3.4/ Цяпер дзяўчаты ў лістах сваіх пыталі пра службу, пра камандзіраў і іншыя дробязі; абдымалі, цалавалі горача, але пра каханне зацята маўчалі.

3.5/ А неўзабаве атрымаў Міхась ліст ад малодшага брата. Той паведамляў: К. выходзіць замуж за суседа, Л. гуляе з яго сябрам, М. гуляе з усімі... Яны шчыра абяцалі яго чакаць.