Читать «Вайсковае евангелле» онлайн - страница 4

Язэп Палубятка

2.6/ Як выйшаў падпалкоўнік Фрумкін з казармы, то казаў прапаршчык Свістуноў радавому Булкіну: "Трындзець — не бочкі качаць!” Салдат адказаў так: "Увесь час ён кажа адно і тое ж, быццам дурань ці папугай той”.

2.7/ Тую размову чуў Міхась Лабута.

САЛДАЦКІЯ ЗАПАВЕДЗІ

3.1/ Пасля “адбою” ўсім навабранцам загадалі: “збор”. Яшчэ раз праверылі наяўнасць.

3.2/ Затым паперад строя выйшаў яфрэйтар Чыкін — малы ды брыдкі — і стаў казаць ім салдацкія запаведзі.

— памятайце на працягу ўсёй сваёй вайсковай службы, салагі.

— памятайце, самі так рабіце ды іншым кажыце, каб так рабілі.

— паважайце “дзядоў”, як бацькоў сваіх, службу цягніце за іх, чысціце боты ім ды мыйце нагавіцы і ўсё іншае рабіце, бо калі вы не будзеце паважаць іх, то будзеце бітыя нячышчаным ботам па галаве і бруднымі нагавіцамі па мордзе.

— і мяне хто не будзе слухаць, будзе біты.

— не ашуквайце “дзядоў”, бо вашыя юды адразу перакажуць ім.

— як мага далей трымайцеся ад камандзіраў, і жыццё ваша будзе спакойным.

— біце сваіх, і тады чужынцы, пабачыўшы тое, баяцца вас будуць.

— ніколі не спяшайся выконваць загад, бо ён заўжды будзе адменены.

— першым ашукай бліжняга свайго, інакш блізкі ўвойдзе ў давер да цябе, ашукае і ўзрадуецца.

3.3/ Слухалі навабранцы і дзівіліся яго няўрымслівасці і вайсковай практычнасці.

3.4/ Скончыў яфрэйтар Чыкін прамову сваю і з гонарам генерала пайшоў у сваё падраздзяленне. Маладыя салдаты праводзілі яго доўгімі позіркамі, і кожны жадаў быць падобным на яго.

3.5/ I казалі яны паміж сабою:

— Праўду ён цвердзіць. Паглядзіце на “дзядоў” (дзень паслужылі мы, а ўжо заўважылі): нічога не робяць, нікога не баяцца, на ўсіх чхалі і жывуць, як у Бога за пазухаю. Цярпець трэба, і мы "дзядамі” будзем.

3.6/ Гэтак жа падумаў і Міхась Лабута.

ТУТ ВАМ НЕ АЗІЯ. ТУТ САВЕЦКАЕ ВОЙСКА

4.1/ I на сняданак, і на абед, і на вячэру салдаты мелі варанае сала. Яно было мылкае і даўкае на смак, але хлопцы мусілі есці, бо нічога іншага не гатавалі, апроч гнілой капусты, смажанай на тэхнічным тлушчы, ды варанага сала.

4.2/ Сярод навабранцаў былі і узбекі. Сала яны не елі ўвогуле, бо вера не дазваляла. Дзень не елі, другі не елі. Тыдзень у рот не бралі.

4.3/ Мусульмане паскардзіліся камандзіру — капітану Берагавому. Той зрабіў заўвагу кухару. Кухар адказаў так: “Яны не першыя — яны не апошнія. Голад не цётка. Праз тыдзень і сала будуць есці як міленькія. Няхай ведаюць чуркі нярускія, што тут не Азія. Тут — войска савецкае”.

4.4/ Святую праўду казаў кухар. Ужо праз тыдзень узбекі елі варанае сала. Хвалілі яго узбекі і, супроць рэлігіі, намагаліся ўкрасці ў суседа большы кавалак.

4.5/ Міхась Лабута таксама ў мамкі ніколі не еў варанае сала. Хацелася яму сушанага кумпяка, вэнджанай паляндвіцы ды белага хлеба з маслам. Але масла з чорным хлебам елі стараслужачыя салдаты за суседнім сталом, ён жа давіўся вараным салам і гнілою капустай.

СПАРТАНСКІ ПОБЫТ НОВАГА ЖЫЦЦЯ

5.1/ Яшчэ ў школе Міхасю Лабуце пастаянна цвердзілі, што ўсё лепшае ў краіне Саветаў для войска і вайскоўцаў. Папраўдзе ўсё было інакш