Читать «Вайсковае евангелле» онлайн - страница 5

Язэп Палубятка

5.2/ Тэрыторыя вайсковай часці была абнесена двухметровым плотам з бетону. Казармы змрочныя, цёмныя, хоць і вялікія. Ложкі ў тры паверхі, пах прэлых анучаў і чалавечага поту бесперастанна панаваў у будынку.

5.3/ Дзве тумбачкі — на пяцёх навабранцаў. Адтуль штодня нешта знікала, нават зубныя шчоткі.

5.4/ 3 прыбіральні ішоў церпкі пах чалавечых спаражненняў.

5.5/ “Чарпакі”, служачыя першага года, мелі неахайны выгляд. Брудная ірваная амуніцыя ўшчэнт псавала маладых хлопцаў. Лепшае ў іх адбіралі стараслужачыя.

5.6/ Вайсковая тэхніка была не новая, а лепшыя дэталі скрадзены. Адно што, дзеля прыдання тэхніцы прывабнага выгляду, яе кожныя паўгода фарбавалі ў зялёны колер.

5.7/ У сталоўцы стаялі доўгія сталы. За імі, згодна загаду, змяшчаліся па трыццаць салдатаў. Было цесна, і, каб хоць неяк паесці, салдаты садзіліся бокам адзін да другога. Наўмысна ці незнарок піхалі сусед суседа, разлівалася страва, і ад таго ўзнікала сварка.

5.8/ Існаваў дзіўны парадак, ад якога пакутавалі маладыя салдаты. Без дазволу камандзіра ніхто не мог і кроку ступіць. Сесці — дазвол. Устаць — дазвол. Пакурыць — дазвол, і то ў пэўным месцы.

НЯБАЧНАЕ

6.1/ Для Міхася Лабуты служба ў войску нагадвала турму, хоць ён ніколі там не быў. 3 пабудкі да адбою ўсе перамяшчэнні адбываліся шыхтам: на заняткі, у сталоўку, на працу, нават у нядзелю ў кіно. Камандзір каранціна несупынна цвердзіў, што такі расклад паводзінаў дысцыплінуе, а выходзіла ўсё наадварот.

6.2/ Было па-чалавечы сорамна, бо ўсе навокал лаяліся. Лаяліся без усякай на тое патрэбы, самымі брыдкімі, самымі апошнімі словамі, асабліва прапаршчыкі.

6.3/ За першыя два тыдні Лабуце абрыдла ўсё зялёнае адзенне вайскоўцаў, сцены будынкаў. Нават лісце на дрэвах не радавала вока.

6.4/ Шмат што здзіўляла тут вясковага хлопца. Дробны прыклад таму: шыхтавы статут кожны дзень павінны былі вучыць усе.

6.5/ Здавалася, што вакол толькі адныя дурні, бо казалі яны ўсе адно і тое ж: не думай, а выконвай. “Камандзір за цябе думае”, — казалі яны і самі таксама не думалі.

6.6/ У сапраўднасці ўсё было зусім інакш, як на парадзе ці ў кіно. Адносіны паміж салдатамі былі дзікунскія: стараслужачыя мардавалі маладых штодня і без усякай на тое прычыны. I навабранцы высвятлялі між сабою адносіны.

6.7/ Найбольш прыгнятала тое, што тут ніхто не лічыў цябе за чалавека.

6.8/ Учарашняе ўяўленне пра войска не адпавядала сённяшняй рэчаіснасці.

ПРАЦА — НАЙЛЕПШАЯ ВАЙСКОВАЯ НАВУКА

7.1/ Міхась Лабута хутка прызвычаіўся да вайсковай службы. Увогуле яна мала чым адрознівалася ад працы ў калгасе.

7.2/ Зранку перад шыхтам навабранцаў з‘яўляўся начальнік каранціна капітан Берагавы і, як той брыгадзір, размяркоўваў асабовы склад маладога папаўнення на працу.

7.3/ Іншы раз афіцэры са штаба часці патрабавалі салдатаў дзеля сваіх патрэбаў. Радавы Лабута неяк выпадкова трапіў працаваць да начальніка штаба палка. Баяўся ён вялікага начальніка і таму стараўся. Зранку на лецішчы палоў трускалкі. Потым рамантаваў нейкі хляўчук. Па ўласнай ініцыятыве паправіў веснічкі.