Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 31

Іван Навуменка

Дзядзька аб нечым задумаўся.

Першамайка ведала, што да белагаловага Косці прыехаў дзядзька з горада. Але ў штаб ніхто з хлопцаў усё адно не прыйшоў. Сёйтой пракрочыў па вуліцы міма Косцевай хаты, коса пазіраючы ў бок двара. Можа, хлопцы спадзяваліся, што на гэтым двары зноў вісіць валейбольная сетка і Косця з дзядзькам, як і летась, гуляюць у мяч. Але не было ні мяча, ні сеткі. Дзядзька хадзіў з крывым садоўніцкім нажом па садзе, абразаючы сухое галлё. Косця з панурым выглядам сядзеў на прызбе. Хлопцы адварочваліся і ішлі сваёй дарогай.

Назаўтра дзядзька зноў завёў размову пра геройства. Ён быў вясёлы, смяяўся, і яму, здаецца, не было ніякай справы да Косцевых пакут.

— Не ідуць да цябе твае хлопцы, атаман, — падкалоў ён Косцю. — Чаму б гэта?

— Не ідуць — і не трэба. Абыдуся і без іх.

— Не трэба, не трэба... А сам надзьмуўся як мыш на крупы. Скажы лепш: ты ведаеш, чаго хочуць твае хлопцы?

— Нічога яны не хочуць, — Косця адказаў са злосцю ў голасе. — Як было ўсё добра, дык і яны былі добрыя. А як дрэнна...

Эге, браце-атамане, так гаварыць нельга. Можаш колькі хочаш сабе злавацца, але справе гэтым не паможаш. Валейбол у вас летась адабралі?

Адабралі, — Косця здзіўлена паглядзеў на дзядзьку.

Дык чаму ж ваша камуна тады не распалася?

Я прыдумаў рабіць самакаты, потым мы ў школе п'есу ставілі. Ну і думалі, шго пераможам Тарабана...

— А сёлета, значыць, і самакаты не памагаюць, — усміхнуўся дзядзька. — Дрэнь твае справы, Косця...

Днём дзядзька хадзіў на сяло і на станцыю, а пад вечар вярнуўся надзвычай вясёлы.

Ведаеш што, Косця, — сказаў ён. — На якое ліха здалася табе гэтая Цітава копанка? Бачыў я яе. Гэта ж нейкая брудная лужына, а не копанка. Смурод там стаіць такі! Давай выкапаем новую.

— Удвух? — здзівіўся Косця.

— Паспрабуем удвух, а там відаць будзе...

Вечарам, узброіўшыся рыдлёўкамі, белагаловы Косця разам з дзядзькам Пятром пашыбавалі на першамайскі выган. Яны ішлі і не бачылі, што за імі праз шчыліны парканаў сочаць дапытлівыя вочы першамайскіх хлопцаў. I калі дзядзька, скінуўшы верхнюю кашулю, узяўся за рыдлёўку і пачаў сячы ёю дзёран, падышло трое цікаўных. Яны былі яшчэ без рыдлёвак.

— Хто не капае, купацца не пусцім, — сказаў дзядзька і папляваў на рукі. — Эх і копанка будзе!..

У той вечар прыйшлі з рыдлёўкамі шэсць хлопцаў. Дзядзька Пятро паехаў назад у свой горад праз тры дні. Тады яшчэ не было выкапана нават палавіны копанкі.

XII

На Тарабанавых зборах Яша цяпер не з'яўляўся. Ён быў заняты. Рагуля ўсё яшчэ не магла хадзіць у чарадзе, за ёю быў патрэбны асобны нагляд. Хлопец пакутаваў ад адзіноты. Пепа блукаў паміж пнёў, ірвучы нейкія зёлкі. Ён мог прахадзіць так цэлы дзень, не прамовіўшы ні слова. Яго, здаецца, нішто не цікавіла на гэтым свеце, апрача свайго ўласнага роздуму і пошукаў лекавых траў.

Аднойчы Яша спаткаўся са Змітраком Калашканам. Змітрок вылез з альхоўніку, перад якім пасвілася Рагуля. Ён цягнуў на спіне вялікую вязку сакавітага бабоўніку.

— Я цяпер да Тарабана не хаджу, — адразу прызнаўся нядаўні камандзір палка. — Ён здурнеў зусім. Няхай са сваім Панядзелкам мілуецца. Задавака...