Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 29

Іван Навуменка

У двары Косці Кветкі, дзе збіраліся першамайцы і дзе знаходзіўся галоўны штаб камуны, усе гэтыя дні панаваў змрочны і панылы настрой. Першамайскія хлопцы павесілі насы. Ніякай радасці не было. I летась паражэнне, і сёлета. Дзесяць разоў разбіралі прычыну вайсковай няўдачы і сыходзіліся на адным: ва ўсім вінаваты Аркадзь Панядзелак. Каб не гэтыя восем перабежчыкаў на чале з Аркадзем, Слабодка нізавошта не адолела б Першамайку. Хіба мала першамайцы загартоўвалі сябе, рыхтуючыся да рашаючай бойкі? Кожны дзень займаліся на турніку, вучыліся поўзаць па-пластунску і біць з рагатак без промаху. Аркадзя з яго хлопцамі Першамайка да сябе не запрашала, ён набіўся сам. Даваў абяцанні, прысягаў, што болей ніколі не пяройдзе на бок Тарабана. Сам жа лаяў і высмейваў рудога Алёшу — і зноў пабег да яго падлізвацца. Гэтага нельга было зразумець...

Белагаловы Косця пакутаваў болей за ўсіх. Ён ніколі не думаў, што ім прыйдзецца гэтак цяжка. Калі ён арганізоўваў камуну, усё здавалася лёгкім і простым. Хіба ўдалося б ім, каб яны не дружылі, змайстраваць гэтыя самакаты або хоць адзін планёр? Вядома, не ўдалося б...

А гэтая вайна за копанку?! Яны ж толькі хацелі даказаць, што праўда на іхнім баку.

Першамайка ж зусім не збіралася, выйграўшы бітву карыстацца Цітавай копанкай адна. Косця хацеў толькі роўнага права для сябе і сваёй вуліцы, каб купацца, калі захочацца. Той самы Ціт, які даўно памёр і які некалі выкапаў гэтую копанку, ён жа не жыў у Слабодцы. Не жыў ён, праўда, і на Першамайскай вуліцы, якой наогул у той час не было. Хутар старога Ціта стаяў наводшыбе ад сяла. Ад усёй сялібы засталіся толькі дзве грушы-дзічкі, некалькі спарахнелых пнёў ды зацягнутая зялёнай краскай, заросшая па берагах вербалозам копанка.

Таму былі ўсе падставы лічыць, што Цітава копанка з'яўляецца нічыёй і ніхто не мае на яе ніякага асаблівага права. Дык чаму ж тады дурны Тарабан ваюе за копанку, чаму ён хоча, каб у ёй купаліся толькі адны слабадскія хлопцы?..

Адчуванне несправядлівасці перапаўняла сэрца белагаловага Косці. Летась Тарабан забраў валейбольны мяч і сетку. Тады ледзь не разышліся ўсе хто куды. Добра, што ён, Косця, прыдумаў рабіць самакаты і планёры і ўгаварыў на гэта хлопцаў. А цяпер вось зноў няўдача...

Косця сядзеў на дубовым бервяне ў сваім двары хмуры і злосны. З раніцы ў штаб камуны не прыйшло і палавіны хлопцаў. Косця ведаў, што гэта азначае. Яму болей не вераць як камандзіру, не вераць, што Першамайка калі-небудзь даб'ецца перамогі над Тарабанам. Ад гэтага хацелася плакаць...

Хутка разышліся і тыя, што з'явіліся з раніцы на двор Косці. Косця застаўся адзін. Ён схадзіў у бярэзнік, за свой агарод, дзе былі зроблены сховішчы для самакатаў. Ніхто з хлопцаў не паказаўсюды і носа. Ва ўсіх знайшліся нейкія неадкладныя справы, і ўсе пазбягалі свайго камандзіра. Косця вярнуўся ў свой двор, узяў кнігу і паспрабаваў чытаць «Палескіх рабінзонаў». Але чытанне не ішло ў галаву. Упершыню за свае дванаццаць гадоў Косця адчуў, што ён у бязвыхадным становішчы. Ён зайшоў у нейкі недарэчны тупік і не ведаў, як з яго выбрацца. Ён не бачыў за сабой ніякай віны, але ад гэтага боль не змяншаўся. Хлопцы яго пакінулі, можа, нават смяюцца з яго цяпер. Камандзір без арміі... А хіба ж ён напрошваецца ў камандзіры? Выбіралі самі, а цяпер самі адвярнуліся. Косцю было так цяжка, што проста не хацелася жыць...