Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 30

Іван Навуменка

Так мінуў дзень, і другі, і трэці...

На чацвёрты дзень прыехаў дзядзька Пятро з горада. Ён прыязджаў кожнае лета і жыў у Косцевай хаце. Бацькі свайго Косця не памятаў: ён служыў недзе аж у Туркестане на граніцы, і яго забілі там басмачы.

Чаго раскіс, герой?— спытаў дзядзька. — Застаўся ў другагодніках?

Не, проста так. — Косцю не хацелася глядзець дзядзьку ў вочы.

— А ты падрос за год. Такі стаў хлопец. На турніку займаешся? А як ваша камуна?

Косця маўчаў. Яму было сорамна перад дзядзькам.

Дзядзька Пятро быў вялікі, дужы, разумны і не прыставаў з роспытамі. Ён пагаліўся, потым, можа, цэлую гадзіну мыўся каля студні, пырскаючы вадой на дзесяць метраў вакол сябе.

Паабедаўшы, дзядзька расчыніў чамадан, выняў адтуль новенькую валейбольную камеру і падаў Косцю.

— Тую, што прывёз летась, разбілі, мабыць, — сказаў ён, смеючыся. — Разбілі ж, праўда?

Косця заплакаў. Ён стрымліваў сябе як мог, але слёзы ліліся самі. Яны сыпаліся як боб на босыя Косцевы ногі, і не было ім упынку. Дзядзька моўчкі сеў побач з пляменнікам на ўслон і абняў яго за плечы. I тады Косця ўсё яму расказаў, не ўтаіўшы ніводнай драбніцы...

Ну, а цяпер скажы, чаму ты плакаў? — спытаўся дзядзька Пятро.

Таму, што я не вінаваты, а ўсе мяне не любяць. Што я зрабіў гэтаму Тарабану? Я яго ніколі першы не зачапіў, заўсёды ён нападае. I нашы хлопцы таксама добрыя. Лічаць, што адзін я вінаваты...

— Ты плакаў не таму, Косця, — мякка сказаў дзядзька Пятро. — Вашым жа хлопцам таксама крыўдна, што іх разбілі, але яны не плачуць. Яны проста пакінулі цябе, і ўсё. Ты ім болей не патрэбен. Слухай цяпер, што я табе скажу. Ты хацеў стаць героем, а з гэтага нічога не выйшла. Вось таму ты і плачаш, і злуешся.

Дзядзька гаварыў спагадліва, хораша, словы яго не крыўдзілі Косцю, але ён іх не разумеў. Навошта дзядзька памінае гэтае геройства? Хіба ён, Косця, патрабаваў сабе большага, чым іншыя хлопцы? Ён проста стаяў за сваю вуліцу.

— Я быў роўны з усімі, — прамовіў Косця. — Пры чым тут нейкі герой?

— Тады скажы, чаму ты стаў камандзірам? — спытаў дзядзька Пятро. — Чаму ў тваім двары штаб камуны?

— Выбралі мяне, і ўсё.

— Дык чаму ж ты крыўдзішся, калі цябе болей не хочуць слухаць? Тады выбралі, а цяпер не выбралі.

Косця нічога не адказаў. Ён не ведаў, што гаварыць. Хлопец адчуваў толькі, што дзядзька хоча яго суцешыць. Але боль і крыўда на хлопцаў, якія не хочуць яго разумець, ад гэтага не праходзілі.

— Жыве, брат, у нашых душах нейкая нязведаная прага да гераічнага, — гаварыў дзядзька Пятро. — Ты зялёны яшчэ і гэтага не разумееш. Я і сам ваяваў калі мне было столькі, як табе. Японскага мікаду ў «палон» браў ноччу на могілкі хадзіў. Страшна было, але ішоў, бо даў чэснае слова, што нічога не баюся. Толькі ўтой час у нас камуны не было. Проста выхваляліся сваёй смеласцю адзін перад адным.