Читать «Вайна каля Цітавай копанкі» онлайн - страница 27

Іван Навуменка

Тарабан пагражаў Першамайцы, белагаловаму Косцю, абяцаў сцерці яго ў парашок, а Яша толькі ўсміхаўся. Ён ведаў, што Косця тут ні пры чым. Калашкан да копанкі зусім не прыйшоў, і Алёша прызначыў новым камандзірам палка Цярэшку Лузаніка.

Х

Статак, у якім каровы прабілі Рагулі бок, ганяў на пашу глухі Пепа. Яму трэба было крычаць у самае вуха, каб ён што-небудзь пачуў. Можа, і Рагуля пацярпела таму, што Пепа не чуў, як яе паролі другія каровы. Пепу лічылі блазнам. Адны гаварылі, што ён стаў прыдуркаватым ад вялікай навукі, другія расказвалі, што яшчэ ў грамадзянскую вайну яму разбілі галаву белапалякі. З таго часу ён і стаў слабы на розум. Але пэўна пра гэта ніхто з хлопцаў не ведаў.

Пепа быў высокі, худы, і вопратка на ім вісела як на калку. Ён заўсёды вінавата ўсміхаўся і нешта гаварыў сам сабе. Руды Алёша ніколі не прамінаў выпадку пасмяяцца з Пепы. Як толькі на вуліцы паказвалася доўгая, згорбленая постаць пастуха, Тарабан камандаваў:

— Пепа, паскачы!

І Пепа, няўклюдна выкідваючы ногі, скакаў. Ён выконваў любое жаданне Алёшы, калі толькі мог яго выканаць. Пепа мог есці зямлю, мог легчы тварам у гразь, мог вось гэтак нязграбна скакаць. У Яшы заўжды падступаў да горла нейкі салёны камяк, калі ён бачыў, як здзекуецца Тарабан з гэтага немаладога чалавека. Рудому ж Алёшу, відаць, прыносіла вялікае задавальненне тое, што дарослы Пепа ва ўсім яго слухае.

У Рагулі зноў вываліла бок, і Яша пагнаў яе на пашу. Толькі ён ганяў цяпер карову разам з Пепам. Яму трэба было наглядаць, каб Рагулю не зачапіла якая-небудзь бадлівая карова. Цяпер Яша быў рады, што адвязаўся ад Тарабана. У апошнія дні ён ужо радзей заглядваў на Тарабанаў двор і не вельмі радаваўся, калі Алёша яго за што-небудзь хваліў. Цяпер жа была добрая прычына зусім не хадзіць да рудога Алёшы.

Паводзіны Пепы з першага дня ўразілі Яшу. Ён не ляжаў цэлы дзень, як другія пастухі, падклаўшы світку пад бок, а ўвесь час, сагнуўшыся, нечага шукаў. Яша ўбачыў, што Пепа раз-пораз ірве і хавае ў кайстру нейкую траву. Потым ён звязвае гэтую траву ў пучкі.

Навошта табе трава? — закрычаў у самае вуха пастуха Яша.

Лекі, — усміхаючыся, адказаў Пепа. — Лекі...

Яшчэ праз колькі дзён Яша выявіў, што Пепа зусім не дурны. Хлопец проста дзеля цікавасці спытаў у яго, колькі будзе сто на сто.

— Дзесяць тысяч, — спакойна адказаў пастух.

Тады Яша папрасіў памножыць трыста дваццаць чатыры на семдзесят тры. Пепа памножыў імгнепна. Ён не карыстаўся ніякім алоўкам і паперай. Ён мог складаць, аднімаць, множыць і дзяліць у памяці любыя лічбы. Яша аж спалохаўся. Здавалася, што ў Пепавай памяці загадзя былі запісаны адказы на ўсе яго пытанні.

З гэтага дня Яша пачаў глядзець на пастуха новымі вачамі. Ён толькі не разумеў, чаму Пепа так лёгка дазваляе Тарабану здзекавацца з сябе.

Хочаш, я пакажу табе вужаку, — усміхаючыся, прапанаваў аднойчы Пепа.

Навошта тая вужака? — Яша аж здрыгануўся.

Не бойся, яна не ўкусіць...

Пепа прысеў пад вываратнем і выцягнуў адтуль тоўстую, як конскае пута, вужаку. Яна звівалася ў яго руках, але не кусала. Пепа рабіў з вужакай што хацеў: звязваў яе ў вузел, а яна толькі паціху сіпела. Яша не ведаў, што думаць пра Пепу. Дома ён расказаў усё маці.