Читать «Белы Бім Чорнае вуха» онлайн - страница 75

Гавриил Николаевич Троепольский

Бім умасціўся на астатках ад капы, вылежаўся крыху. Пачуў побач сцябло дзядоўніка, паспрабаваў яго — сухое, адгрыз паўз зямлю і пачаў шчыпаць корань, угрызаючыся глыбей. Гэта ён таксама ведаў, што дзядоўнік трэба есці абавязкова.

Вялікія і шматбаковыя веды сабакі пра лекі. Пусціце сабаку, калі ён толькі пачынае шалець, у лес: праз два-тры тыдні ён вернецца схудалы і знясілены ўшчэнт, але здаровы. Стаў балець у сабакі страўнік — вядзіце яго ў лес або ў стэп і пажывіце з ім два-тры дні: ён вылечыцца сам травою. Менавіта ў сабакі і трэба вучыцца, як яго лячыць. Прырода замацавала так багатыя «веды» ў сабакі, што дзіву гэтаму чалавек ніколі не перастане дзівіцца.

…Ноч прайшла. Вялікая, асенняя нудная ноч, ад якое ныла ўсярэдзіне.

Пракукарэкаў першы певень. Бім не захацеў чакаць другіх і трэціх, апошніх, світальных. Ён сіліўся, але ніяк не мог падняцца з месца ад болю ў грудзях. Але ўсё ж, хоць цераз сілу, разварушыўся, два разы ўстаючы і кладучыся, ды і патупаў памаленьку.

Ён прыцягнуўся да Хрысана Андрэевіча, узабраўся цераз дзве прыступкі на ганак і прылёг. У доме было ціха.

Хто ведае, можа, і не пайшоў бы ён адсюль сёння, але побач, зусім побач, прайшоў Клім, ціха крадучыся, як злодзей. Бім задрыжаў. Бім гатовы быў бараніцца да апошняга ўздыху. У ім прачнуўся гонар асуджанага, калі таму больш няма чаго страчваць. Але Клім перагнуўся цераз балясіну і сказаў паўшэптам:

— Прыйшоў, Чарнавух. — І спехам, торапка патупаў назад, быццам павесялеў.

У Біма не было сілы, каб даганяць і адпомсціць за здрадніцкі ўдар ботам, брахаць ён не мог, таму што, акрамя хрыпу, нічога не выходзіла са скалечаных грудзей. Але Бім не хацеў і таго, каб Клім зноў прыйшоў і ўзяў яго. І вось ён устаў, ціха абышоў па двары, прынюхаўся да падсвінкаў, да каровы, да авечак, крыху пасядзеў і пайшоў прэч ад вёскі. А як хацелася прылегчы ля сяброў-парасят!

…Праспявалі трэція пеўні. Днела.

Да шашы ішоў сабака. Галава апушчана, хвост вісеў, як нежывы, быццам у шалёнага. Збоку ён і здаўся б шалёным на самай апошняй стадыі: вось-вось упадзе, наткнуўшыся на тое, што перш трапіцца на дарозе, і памрэ тут жа. Гэта быў наш Бім, добры і адданы Бім. Ён ішоў шукаць свайго гаспадара, Івана Іванавіча. Ішоў дакладна тою самаю дарогаю, па якой яго вялі сюды.

Ад вёскі да аўтобуснага прыпынку было кіламетраў пяць-шэсць, але недзе на паўдарозе ў Біма зноў не стала сілы, ён ледзьве давалокся да стога сена. Нехта, крадучы начамі, выскуб у стозе дзірку — туды Бім і забраўся. Ляжаў там доўга, амаль цэлы дзень, а на захадзе сонца выбраўся са сваёй схованкі. Хацеў піць, але вады не было. Боль пёк грудзі, хоць дыхаць стала лягчэй, а галава не закружылася, калі ён рушыў у дарогу. Зараз яму трапілася вяршалінка цмену, ён з'еў і гэтыя кветачкі — жоўценькія, сухія, якія не мяняюць свой колер ад пачатку цвіцення да таго, пакуль саспеюць, і на ўсю зіму, да вясны. Абшчыпаў і куст рамонку, але галоўкі яго, аказалася, саспелі, рассыпаліся ў роце і казыталі ў горле. Таму яшчэ мацней захацелася піць. Калі ён пераходзіў адну дарогу ў полі, трапілася лужынка расталага снегу ў калюжыне. Так дарога падарыла Біму вадзіцы. Ён напіўся і пайшоў ціхенька далей.