Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 86

К Акула

Дом, ля якога скончыў няслаўны жыцьцёвы шлях "фольксдойч" Бронхэр, мяшчане называлi забягалаўкай, калi не хацелi папулярна-брыдкiм словам карыстацца. Паненкi забаўлялi там палiцыянтаў, а больш дападлiвыя пахатухi апавядалi, што шырока лiлiся там самагонка й шнапс, нiколi не бракавала шчодрай закускi. Ведама было таксама, што "гандэлькам" загадвала Бронхэрава мацi, удава, жанчына, ведама-ж, немаладая, узнагароджаная ў гэтым кiрунку, вiдаць, немалымi здольнасьцямi.

Падчас нямецкае акупацыi такiя, нiколi нярэкламаваныя, дамы йснавалi навет у малых мястэчках, дзе было войска й палiцыя, згодна, вiдаць, старога гандлёвага права - дзе ёсьць патрэба там знойдзецца й тавар. Цывiльным ня было туды не патрэбы, нi доступу.

У час, калi забiты быў Бжончэк-Бронхэр, ня iснавала яшчэ й ценю якое-небудзь небясьпекi ад чырвоных бандаў, а людзi ў мундзiрах, што сьцераглi "новага парадку", сьмела хадзiлi начамi, пераклiкалiся сваймi, адным iм ведамымi, паролямi. Нiкому з уладаў, вiдаць, ня прыйшло ў галаву, што самое палажэньне "дому пацехi", у якiм калiсьцi жыло "тоўстае" бальшавiцкае начальства, магло прадстаўляць нейкую небясьпеку. Часы забясьпечаныя цi абаронных пунктаў, калi ноч падпiльноўвала акупантаў, былi яшчэ далёка наперадзе. Дык нiхто, вiдаць, не зьвярнуў увагi на доўгую, аброслую жываплотам, клёнамi й бэзам дарожку, дзе глухой ноччу можна лёгка скрыцца й асачыць пажаданую ахвяру.

Бронхэра з гонарамi пахавалi на мясцовым могiльнiку, а Немцы жандармы ня надта рупiлiся расшукаць забойцаў i задаволiлiся павярхоўным сьледзтвам. Чалавек быў "фольксдойчам" i за забойствы такiх, дзе няведама хто падняў на яго руку, ня ўжывалiся тады рэрэсii як за самых "обэрмэншаў". Палякi-ж, што абсадзiлi мясцовы гарнiзон палiцыi, трымалiся iншае думкi... I вось пра гэта цяпер адбывалася гутарка.

Вечар дзёгцем чарнеў у вокнах. Падгайскi зусiм ня зьдзiвiўся, ведаючы ранейшыя Антосевы "прыгоды", калi той, цiха пастукаўшы ў дзьверы, зьявiўся на ягоным парозе.

- Што-ж, умеючы нядоўга, - адказаў Дзяркач на тое пытаньне.

Аграном прыкiнуўся зусiм абыякавым, адно пiльна зiрнуў Дзеркачу ў вочы i ўбачыў там пацьверджаньне. Так, вiдаць, навет ён не дацанiў гэтага праныры. Пакуль мяркаваў, як пазбавiцца зьненавiджанага легiянера, Дзяркач яго ўжо на той сьвет адаслаў. Устаў i завесiў фiранкi на вокнах.

- Вып'ем? - спытаўся.