Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 84

К Акула

- Добра, - адказаў Бахмач.

- Бо калi, нi дай, Божа, гэты басяк маю гульню спанатрыць, то мне капцы могуць быць. А нам-жа час трэба. Кумекаеш?

- Кумекаю, - адказаў Янук Антосевым словам.

Дзяцюк зiрнуў на юнака i ўсьмiхнуўся.

- Я табе саўсiм давяраю. Калi-б нi давяраў, дык нi пазваў-бы на Марылiн Горб i нi расказваў-бы сваiх тайнаў. Глядзi-ж, каб апраўдаў сябе, бо мы ў аднэй лодцы й мусiм адзiн аднаму пасобiць.

Антось разгарнуў прысак, перавярнуў бульбу, заўзята цягнуў носам.

- Ужо пачынае прыпякацца. Але-ж i люблю запах такi!

Гэты дзяцюк ня пераставаў зьдзiўляць юнака. Ажно нiякавата было. Той раскрыўся перад iм, як перад нiкiм iншым зь вёскi. Што гэта значыла? Мусiць ён, сын гаротнiка Пракопа, не апошнiм нулём быў. Халерная думка. Гэтта вось пад бокам, начупыраны, быццам iндык, ахарашваўся-зьвярэў у Гацях забойца ягонае маткi, зь якiм ужо некалi пастанавiў некалi рахункi зьвесьцi. Дзiва, што Антось яго выбраў, утаямнiчыў у свае сьцежкi-дарожкi, руку падаў. Калi так, што-ж у яго глыбей у думках гнязьдзiлася?

- Антось, - пачаў нясьмела.

- Га? - адвярнуўся той.

- Дык ты можа да канца чаго нi даказаў, знаеш? Я цяпер ведаю ўжо пра гэтага дзiравага шляхцiца. Дзякую, што вытлумачыў. Ну але другое: Што рабiць з гэтым Бжончкам, што ты думаеш?

- Забiць.

Януку дыханьне заняло. Вось перад вогнiшчам, зь неразлучнай бярозавай палкай, порачы смаляк, стаяў бездапаможны, здавалася, вясковы дзяцюк. А ў Гацях, абкружаны сваймi галаварэзамi, запусьцiўшы сецi на ўлоў мясцовых "камунiстаў", валадарыў Бжончак-Бронхэр. У таго ў руках мясцовая ўлада, а ў гэтага - бярозавая палка. А на вуснах прыгавор - забiць! Сьветкамi касалапыя хвоi й стройныя бярозы. I Бахмач Янук.

- Як? - спытаўся юнак.

- Проста. Надта проста. Вiдзiш Янук, ты малакасос яшчо, многа чаго нi знаiш. А тутака нiма нiчога такога надта скамплiкаванага. Трэба табе ведаць, што кажны чалавек маiць свае слабасьцi й гэны брыда таксама маiць свае. Трэба iх толька нам знаць. I я пастараюся даведацца. Перш за ўсё трэба ведаць дзе фольксдойч Бронхэр гуляiць, як i колькi п'ець. Я пра яго многа чуў. Таксама ведаю, што ён iз гэтай курвай Марыськай Закшэўскай... Чуў, што гэныя "хлопакi" ягоныя з палiцыi ох якiя ахвотнiкi пагуляць. А калi так, дык недзе-ж яны гуляюць. I вось, знайшоўшы ўтоптаныя iмi сьцежкi, трэба падпiльнаваць. А тады... Адзiн момант, адзiн удар нажа, каб цiха, каб ня чуваць было, от так, здалёку.

Антосева рука маланкава выхапiла з-за пазухi нешта прадаўгаватае i зьзяючае, i ня ўсьпеў Янук навет разгледзiць, што робiцца, як нож крывуляй сьвiснуўшы ў паветры, крокаў пятнаццаць воддаль уеўся ў камель бярозы. Антось падыйшоў да дрэва, выцягнуў нож, выцер зьзяючае лязо, ды зь любоўю, здавалася, паглядаў на яго й падаў Януку.

- На, паглядзi. Цяпер кумекаiш?

Янук трымаў i ўважна абглядаў паляўнiчы нож з прыгожымi касьцянымi чыранкамi.