Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 72

К Акула

14

Сьцюдзёнае, валавянымi хмарамi засланае, неба як мага хавала дзесь на паўднёвай акраiне Гаравацкай пушчы зьняможанае сонца. Сыпала дробнай белай пацярухай, а тонкi лёд намагаўся пакрыць разводзьдзе на лугах. Зазiмак выпрабоўваў сiлы. З усходу дзьмухаў пранiзьлiвы золкi вецер.

У гэткае надвор'е гаспадара знойдзеш пры познай малацьбе ў гумне, пры мялiцы зь лёнам або iншай хатняй працы. Трэба-ж абставiць кулямi саломы, каб ня ўлез зiмою ў хату нягоднiк вецер, - драўляныя сьцены хаты, абсыпаць кастрай нiз, пазатыкаць дзiркi ў падстрэшшах хлявоў, даць новы насьцвiл саломы для статку, упарадкаваць гаспадарскае земляробнае знарадзьдзе дый цi мала яшчэ чаго.

Жорны пайшлi ў рух незадоўга пасьля бальшавiцкага "вызваленьня" й выглядала, што ня будзе iм супыну. Млыны, некалi адабраныя бальшавiкамi ад сваiх уласьнiкаў, пераважна Жыдоў, цяпер апынулiся ў руках новага акупанта, якому селянiн ня зусiм давяраў. Рызыкоўным стаўся i давоз на млын зярна. Як нiколi раней, селянiн палягаў на сваю кемлiвасьць i прымiтыўныя прылады працы.

Амаль парвалася гандлёвая сувязь iз горадам. Жыдоў з Гацяў выгналi ў Глыбокае й прыйходзiлi весткi, што ўсiх глыбоцкiх i вакольных Жыдоў паселяць у аднэй часьцi места, якое будзе называцца "гетта", каб выпаласкаць рэшткi золата цi iншых каштоўнасьцяў.

Адсутнасьць прадуктаў першае патрэбы, перадусiм солi, цукру й нафты, хоць надта-ж дакучлiвая, ня была неперамагальнай. Чаго добрага, на бяду чалавек мог абыйсьцiся й бяз гэтага. А праныры рабiлi абмен тавараў на чорным рынку, за якiм акупант, заняты ваеннымi справамi, ня меў часу сачыць. На паўдзённым баку Гацяў, ля двух адножных чыгуначных шляхоў людзi знайшлi ўкопаныя ў зямлю цыстэрны, напоўненыя неачышчанай чорнай нафтай. Паспрабавалi палiць у лямпах. Капцiла надта, але гарэла. Асаблiва хутка згараў прасякнуты смалой кнот. Дый гэтаму далi раду. Пакуль агледзiўся акупант, мясцовыя сяляне бочкамi й вёдрамi выцягалi тую чорную нафту й толькi таму доўгiмi васеньнiмi вечарамi па вясковых хатах гарэлi лямпы.

У гэну суботу, абложаная алавянымi хмарамi, прыцярушаная сыпкай халоднай маннай вёска Лiтоўцы жыла гукам жорнаў, стукам набiльнiц на кроснах, вурчэньнем калаўротаў. Вёска ведала, так як i ўсе навакольныя вёскi, што й сяньня могуць зь мястэчка зьявiцца людзi, прывалачы якiясьцi транты-абноскi на харчы мянаць. I можа ня так з разьлiку, як зь лiтасьцi, не галадаць-жа тым у горадзе! - лiтоўскiя зробяць зь iмi якiсь "гяшэфт" i далей будуць прадаўжаць прасьцi, ткаць, малоць, малацiць, мяць, каб на нiкога iншага не спадзявацца, каб незалежнымi быць.

Гандляроў з трантамi спадзявалiся, як калiсьцi таго аднавокага Жыда iз надта скрыпучым i доўгiм возам, што за рызьзё жанчынам iголькi, мыла, гузiкi, стужкi й хусткi сулiў. Але нiколi не чакалi такiх наведвальнiкаў, што наблiжалiся з Гаравацкае пушчы, ды ў такой колькасьцi.