Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 71

К Акула

Пятруся Паўлоўскага ногi больш энэргiчна па пакоi заварушылiся. Часта пазiраў на "непакаляную" але думкi ягоныя былi дзесь далёка, на вярхох. "Як яны, чэрцi, там хiтраць, - думаў. - А тут на нiзе ведай куды й як павярнуць. Але-ж... Ягонае заданьне перадусiм сьлядзiць, быць вушамi й вачмi Рэчыпаспалiтай, iнфармацыю наверх падаваць. Лiквiдаваць, у выпадку патрэбы, будуць нямецкiмi рукамi... А Немцы, чэрцi, доўга нi цацкаюцца. Данос ёсьць, што камунiст? Цап яго, бабах! - i чалавека няма. Ну а данос такi зьляпiць дзiцячая забаўка. Учора адзiн пан пра гэта расказваў. Ён яшчэ з польскiх часоў судовыя сьпiскi й некаторыя акты захаваў. Для нагоды, - кажа, судовыя дакуманты прадставiць можна. За што судзiлi? За камунiзм. А для Немцаў камунiзм гэта тое, што для гiшпанскага быка чырвоная шмата. Як проста й хiтра!"

Солтыс спынiўся ля замурзанага вакна. Над могiльнiкам расьсеялася iмжака й выразьней паказалiся ў абдымках сястрыцы сосны. Чарка настойкi апэтыт нарадзiла. Учора мала пiў. Мiж тых паноў ня зусiм удома адчуваўся, хоць i рэкамэндаваў яго Бжончэк, цяпер гэр Бронхэр, з самага верху значыцца. З тымi людзьмi блiжэй зьнюхацца трэба. Тымчасам... Ага, актывiстаў сачыць.

Перад солтысам паўстаў звычайна паўстрыманы, загадкавы, на язык войстры Антось Дзяркач. З гэтым дзяцюком нiколi надта блiзкiх адносiнаў не ўдалося наладзiць. I не ягоная-ж, Паўлоўскага, гэтта вiна. Вось Дзеркача на воку трымаць трэба. Ад польскае армii ўцёк i ад бальшавiкоў ледзь не з таго сьвету вярнуўся. Хiтранькая цаца. Слова лiшняга зь яго ня выцягнеш. Да Бураковай Нiны прылiзаўся. Вось пра гэтага трэба пранюхаць. Пакуль Немцы якiмi паперкамi заваляць, трэба многа пра каго й шмат чаго праведаць.

Ад такой канкрэтнай думкi Паўлоўскаму аж на сэрцы палягчэла. Ня схiльны быў да вялiкiх роздумаў. Згадалася тая абшмуляная, некалi за польскiх часоў аж па бакох працёртая "тэчка" й зухаваты, фанабэрысты капялюш. Гэныя атрыбуты калiшняга мясцовага аўтарытэту дзесьцi ў клецi, на дне жончынага пасажнага куфра ляжалi. Трэба паглядзець, можа чэрцi мышы дабралiся, цi моль якая. Спатрэбяцца яны, цi не?

Пры гэткiх думках Паўлоўскi ўзяў зь цьвiка ўжо засаленую, як казалi "абнародаваную" савецкую кепку, каторую зацягаў пры нядаўняй уладзе, калi наўмысна апусьцiўся, незаўважным стараўся быць, нiзкага профiлю трымаўся, на вочы людзям мясцовым рэдка паказваўся, каля гаспадаркi бэрсаўся, розныя "кулi" й "налогi" цягаў.

Нацiснуў кепку на лоб. Скрыпнулi дзьверы. На дварэ праз васеньнюю iмжаку намагалася выглянуць сонца. Весялей, здавалася, дзерлi глоткi на чубе Архiпа празяблыя вароны. З будкi выскачыў Мурза, кiнуўся Паўлоўскаму на жывот. Гаспадар пагладзiў сабаку. Пастаяўшы на ганку, памяркаваўшы, Паўлоўскi наважыў заглянуць да Зянькевiча. У лекара, як заўсёды, ня спынялася чарга нямоглых. А разам зь iмi плылi ў хату й навакольныя навiны. Калi ў каго, дык у дзядзькi Зянькевiча можна масу чаго даведацца.