Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 30

К Акула

- А бацька нi памагаiць?

- Занямог нешта.

Антось зрабiў крок, другi й спынiўся. - I з табой, Янук, хачу такжа пагаварыць, - сказаў.

- Са мной? Пра што? - зьдзiвiўся Янук.

- Ды... посьля... Цяперака нiма часу. Увiдзiмся.

I пасьля гэтых слоў Дзяркач раптоўна рушыў да сваей, уваткнутай воддаль у скошаны луг касы. Непадалёк яе крочыў, грацыёзна падымаючы доўгiя ногi, быццам каб не замачыцца, прыгожы рослы бусел. Ён нешта злавiў у дзюбу, падняў галаву, праглынуў i пазiраў на Антося, якi шпарка прыблiжаўся. З павольным узмахам крыльляў падняўся, зрабiў вялiкi круг i прызямлiўся ля хмызьняку над канавай. Пастаяў, глянуў навокал ды ўзяўся прадаўжаць сваё паляваньне.

Мiкола ўзяў пасуду.

- Чуў, Мiкола, што Антось казаў? Сёе-тое трэба будзiць схаваць, прыхiнуць, - казаў Пракоп сыну.

- Ага, трэба.

- Ды чорт яго знаiць што й куды, - задумаўся Пракоп. - Ну ладна, iдзi дамоў i там, за гаспадаркай глядзi.

Янук узяўся за касу й задумаўся: пра што хацеў пагаварыць зь iм Антось Дзяркач? Часам здавалася яму, што цяперашнi Дзяркач i ранейшы - гэта два апрычоных чалавекi. Колiшнi жартаваў, сваволiў, часта над такiмi падлёткамi, як Янук, зьдзекваўся, сур'ёзна да iх не гаварыў, ад сябе гнаў. Ад часу вяртаньня з бальшавiцкае вязьнiцы Антось выразна спаважнеў, стаўся больш памяркоўным, задуманым, на слова ашчадным. I цi тая гаворка, якую прыабяцаў, мела што супольнага зь вiзытай да Кастуся Падгайскага, пра якую во толькi што бацьку згадываў? А калi так, то чаму якраз меў зь iм, Януком, пра яе гаварыць?

- Ну ты, сынок, што, ужо стамiўся? - спытаў бацька. - Давай нацiскаем. Вiдзiш-жа, што час нi стаiць.

Янук падумаў, зiрнуў на бацьку. Яго ня трэба было два разы спанукаць. Хуткiм крокам пайшоў да касы i ўзяўся яе вайстрыць.

9

Янук сядзеў на Гараватцы ля дуба Архiпа i яшчэ раз намагаўся прыгадаць гутарку, што меў з Антосем Дзеркачом. Калi-б ня тая гутарка, а асаблiва нешта недаказанае, навет цi не таямнiчае ў ёй, не сядзеў-бы ён тут, не чакаў-бы на тое, калi-ж нарэшце асочыць Лявона Шпунта.

- Ты, Янук, братка, паслухай мяне, дык нi пажалееш посьля. Ты i я добрая пара. Прыдзiцца нам многа чаго разам рабiць. Павер мне, я ўжо цi нi два разы сьмерць абхiтрыў, ведаю што гавару. Ня будзiш каяцца, кажу табе. Гэтага-ж басяка, каб яго зiмля нi насiла, знайсьцi трэба, пакуль з рук ня высьлiзьне. Дык як?

Антосевы вочы шчырасьцю зьзялi. Сядзелi на крушнi каменьня на мяжы мiж жыта. Далей, у доле вiдаць была разложыстая, пышная шыпшына. I здавалася, што ўвесь сьвет замкнуўся ў рамкi хараства жыта, якое канчала налiвацца, васiлькоў, што духмянасьцю нос казыталi, шыпшыны, што валадарна на шырокай мяжы загаспадарыла. I яшчэ дзесь уверсе траляляў жаўранак i веяў, няньчачы посьцiлку нiвы, млявы вецер.

Хлапец мяркаваў, што Дзяркач зьмянiўся. Прайшоўшы столькi лiхалецьцяў, - насамперш уцёкi з польскае мабiлiзацыi, пасьля-ж вяртаньне "з таго сьвету" бальшавiцкае вязьнiцы, - гэты дзяцюк быў куды хiтрэйшым i вытрывалым, чымся iншыя, што навокал хат сваiх бiбiкi зьбiвалi. I ўжо калi ён што шчыра гаварыў, варта было слухаць.