Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 232

К Акула

- Спадар Бахмач!

- Га? Што? - прахапiўся Янук i перад сабой, амаль зусiм упрытык убачыў твар случчанкi Зоркi.

- Вы гэта што, спадар Бахмач? Прадстаўнiк народу прыехаў на кангрэс спаць?

- Кангрэс? - няўцямна, прыцiшаным, спалоханым голасам спытаўся Янук. Перад iм лагодненькая ўсьмешка курносенькай дзяўчыны. Але не пра ейную прыгажосьць цяпер думаў Бахмач. Навокал людзi. Некаторыя глядзяць на яго. А iз сцэны манатонны голас чарнявага чалавека ў чорных акулярах.

- Прабачце, задрамаў. Цэлую ноч ня спаў у цягнiку.

- ...паўсталi шматлiкiя батальёны Беларускае Краёвае Абароны, - гаварыў Астроўскi, - якiя пакрылi сабою ўсю тэрыторыю наступных акругаў: Менскае, Барысаўскае, Слуцкае, Баранавiцкае, Слонiмскае, Навагрудзкае, Вялейскае й Глыбоцкае.

Зноў воплескi. Янук цяпер разглядаўся, сам плёскаў у далонi й намагаўся камтраляваць ацяжэлую галаву.

- Калi рэзультат правядзеньня мабiлiзацыi быў доказам нацыянальнай сьпеласьцi беларускага народу, то постаць нашага жаўнера, - далей чытаў прэзыдэнт БЦР, - часта голага й босага, па каленi ў балоце, на холадзе, моцна трымаючага вiнтоўку ў сваiх руках, зьяўляецца доказам яго надзвычайнай сiлы й бясконцай адданасьцii сваьму народу й бацькаўшчыне.

I далей: - Найбольшую цяжкасьць мы мелi й маем з камандным складам. Агулам гаворачы, жаўнер беларускi вельмi добры, але камандны склад вымагае яшчэ вялiкай апрацоўкi й падрыхтоўкi. За гэты час ужо праведзена двое курсаў перападрыхтоўкi афiцэраў i падафiцэраў, а з пятнаццатага чэрвеня арганiзавана афiцэрская школа ў Менску для нашых юнакоў зь сярэднiх i iншых школаў.

"Так, - думаў Янук, - постаць нашага жаўнера, голага й босага, па-каленi ў балоце... доказ надзвычайнай сiлы... Што той бэцээраўскi прэзыдэнт вярзе? Янка Сарока зь Вiльнi. Iншыя, зялёненькiя гадамi, ганаровую варту трымаюць. Зь пятнаццатага чэрвеня, значыцца два тыднi назад пачалi школу. Жаўтаротыя пiскляты... А тут ужо на паляваньне трэба, а гэтыя яшчэ парадкам сабак кармiць не ўзялiся..."

I Янукова думка крута ў другi бок павярнула. Вядома-ж, бяз гэтага кангрэсу, бяз гэтых справазачаў i нарадаў нельга. Яны патрэбныя беларускаму народу ў гэты крытычны ў гiсторыi момант як рыбе вада. Але, усё-ж... Сёе-тое гаворыцца, абы падгладзiць абы там якiя дзiркi заткнуць, паказаць што нешта ёсьць, што вось, маўляў, зiрнеце, якiя мы малайцы, гаспадары. Арганiзаваная афiцэрская школа для юнакоў, такiх, як i сам Янук. Брава! Колькi трэба намаганьняў i сродкаў, а перадусiм часу, каб вышкалiць чалавека на афiцэра? А там ужо чатыры днi назад пачалася поўная афэнзыва. Пала Орша, Магiлёў, клiнамi хваля паўзе пад Бабруйск, Слуцак, Полацак, Барысаў. Цi адзiн раз i цi адзiн мудры чалавек сказаў пра палiтыкаў: сяньня радзяць пра ўчарашняе, а заўтрашнiх праблемаў i ня бачаць. Але. Калi-б вораг ня прыблiжаўся з-за Дняпра, можна было-б iз кпiнамi да сяго-таго, гэтта сказанага, аднесьцiся. Ды няма калi кпiць. Тут трэба, як мага сiлаў, нешта радыкальнае выдумаць. Ня будзеш падчас таго, як пажар трэба тушыць, разважаць пра рэгулямiн пажарнае аховы... А з другога боку, што меў гаварыць Астроўскi? Бэрлiнскiя вяльможы да апошнiх часоў не давалi дазволу на арганiзацыю беларускага войска. Навет i цяпер, калi самiм вораг на горла лезе, адно батальёны дазволiлi, дый тыя пад iх камандай. Можа лепш уважна паслухаць што тут на кангрэсе гаворыцца?