Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 231

К Акула

Усяночная бяссоньнiца ў цягнiку падарозе ў Менск цяпер хiлiла набок Янукову галаву. Прырода дамагалася свайго й перад ёю мусiла капiтуляваць навет надзвычайная Янукова зацiкаўленасьць жывой гiсторыяй. Калi пасьля ўступнай Кiпеля, запрасiлi ў прэзыдыюм удзельнiкаў Першага ўсебеларускачга Кангрэсу, Янук здалёку прыглядаўся тым людзям, што занялi, зноў-жа пры агульных воплесках, месца ля стала на сцэне. Сярод усiх увыдатнялася, у Януковых вачох, дамiнуючая фiгура Кастуся Езавiтава.

Зараз пачаў справаздачу прэзыдэнт БЦР Радаслаў Астроўскi. Голас ягоны, гэтым разам скарэй настаўнiцкi чымся прэзыдэнцкi, барабанiў манатонна, заглыбляючыся ў гiсторыю й статыстыку. Пад гэткi гоман лёгка можна было заснуць. I ледзь Янук задрамаў, як разбудзiлi яго воплескi. Няўцямна зiрнуў на слуцкiх настаўнiц, а нос падказаў яму, што ад iх, асаблiва ад Зоркi, нясло танным адэкалёнам. Заля й людзi зноў некуды адплылi...

Гарачае лета. Трэба абавязкова пчол дапiльнаваць, каб ня выраiлiся, а калi й будзе той, дык каб ня ўцёк. Праўда, учора вечарам падслухоўваў вульлi, цi няма дзе вясельля... Розныя галаскi, - ведаў iх добра Янук, калi заводзiць матка, а там, мiж агульнага шуму, можна паслухаць "сватоў" i "свацьцяў". Здавалася, што вясельля ня было. Але, хто iх ведае. Памылялiся-ж i раней. Бывае, што вясельля не падслухаеш, а рой бывае. Гэту трывогу Янукову раптам засланiў курадым.

- Бяры, сынок, куры iх добра дымком, а я буду рамкi выцягваць.

Гэта бацькаў аўтарытэтны голас. Янук не марудзiць, бярэ курадым, цiсьне мяшок i нюхае сiняваты дымок, што йдзе з рыльца, ад спарахнелага карча ўсярэдзiне. Бацькавы рукi, жылiстыя зьверху й мазолiстыя на далонях, адчыняюць вечка вульля, ды намагаюцца за рамку ўзяцца. Але што такое робiцца? Вулей раптам... Ды не гэта ня вулей, а дамавiна... Васкова-жоўты матчын твар. А чаго-ж ён з тым дымам..., чаго Янук з тым дымам у матчыну дамавiну? Гэтта вялiкi перапалох сьцiснуў Януку грудзi, а раптам аднекуль вялiкiя гучныя воплескi цi яшчэ нейкi гук...