Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 234

К Акула

- Наш мясцовы сябра, Кастуся Падгайскага даўны супрацоўнiк, Аўген Князь. А гэта во народны прадстаўнiк дык ён той самы ведамы паэт Янук Бахмач, каторага ты, Аўген, пэўне, чытаў.

- Чытаў, чаму-ж не. Крыльлi ён толькi што растапырыў, але надзеi дае, усьмiхнуўся Князь. - Прыемна пазнаёмiцца.

- Для мяне вялiкая прыемнасьць, - сьцiпла сказаў Янук.

Яны прывiталiся рукамi.

- Дык ведаеце што, давайце да мяне. Тут недалёка, але часу няма чаго трацiць, бо каля другой назад трэба. Iдзём, - запрасiў Князь.

Зайшоўшы да Князя на кватэру, Янук дзiвiўся, як можна ў руiнах знайсьцi такi куток, фактычна з двух пакояў, абсталяваць яго. У пакоях было ўсё неабходнае, але мелася ўражаньне што кут неабжыты, што чалавек мог усё сваё дабро ў пару валiзак запакаваць дый на новы пункт перабiрацца. У кухнi пры плiце стаяла жанчына, а нос казытала нешта прыемнае.

- Матка! - гукнуў Князь, увайшоўшы. - Вiтай гасьцей.

- Госьцi ў хату, Бог у хату.

Ласкавы голас. Адразу Януку прыемна зрабiлася.

- Сядайце тут ля стала, - запрасiў Князь. - Я зараз-жа з вамi.

Ён пайшоў да жанчыны, а лiтоўскiя прыселi на простай рудой лаве ля стала, пры якiм з другога боку стаяла драўлянае простае крэсла. У куце, завешаным саматканым дываном, стаяў ложак. Пры сьцяне разьмясьцiлася шырокая, крытая патрэсканай i выседжанай скурай канапа. Стол, вiдаць зроблены на хуткую руку, памаляваны пакостам.

- Добры дзень, госьцiкi, - з усьмешкай на твары жанчына, гадоў звыш пяцiдзесяцi, з тварам, якi, вiдаць, бачыў шмат нядолi, апранутая ў сьветлую блюзку ў лiловыя красачкi, зялёную саматканую спаднiцу, старыя чаравiкi, ужо зь сiвымi пасмамi валасоў, узялася чыстым кужэльным настольнiкам засьцiлаць стол. - Я тут, калi пазволiце, стол накрыю. Самi-ж, можа, згаладалiся?

- А як-жа, цётачка, - сказаў Антось. - Нешта ў вас добра пахне.

- Булёну наварыла са скваркамi. Даўно елi?

- Я ўжо забыўся калi.

Князь прадставiў гасьцей. Неўзабаве на стале зьявiўся пахучы булён у глiняных мiсках. Князь прынёс на талерках нарэзанае скрылькамi сала, чорны хлеб, салёныя гуркi, шыткаваную капусту. Побач усяго гэтага зьявiлася напалову напоўненая лiтроўка зь сiвой вадкасьцю й тры малыя чаркi.

- Дык гэта ўсё, Аўген?

- Так, дзякую, матка, - адказаў Князь.

- То я тады адлучуся, а ты, сынок, сам знаеш, калi ня хопiць то гасьцям больш булёну падлi.

- Дзякую.

Жанчына выйшла. Князь напоўнiў чаркi й сказаў:

- За незалежную i несьмяротную Беларусь!

- Так, няхай будзе, - адказаў Дзяркач.

- Няхай жыве! - падтрымаў Янук.

Выпiлi. Самагонка, але чыстая й моцная.

- Бярыце самi, усё на стале ваша, а пасьля будзем гаварыць.

Елi моўчкi. Янук не асьмелiўся нiчога гаварыць. Чалавека першы раз у жыцьцi бачыў. Хто ён такi? Сябра Падгайскага, гэта ведама, але гэтага мала. Скора таямнiца раскрылася.

- Я табе, Янук, мушу сказаць, - тлумачыў Антось, - што Аўген Князь уваходзiць у цантральны камiтэт Бiларускай Нiзалежнiцкай Партыi. Мне параiў да яго зьвярнуцца Падгайскi Кастусь i гаспадар раскажыць нам пра тое, што мы маем як дамоў вернемся. Я думаю, што гэтага для знаёмства досiць.