Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 230

К Акула

Гукi аркестры напоўнiлi залю. Дэлегаты сядалi, воплескi зацiхалi, а прэзыдэнт БЦР зьнiк зь лёжы й павольным крокам узыходзiў на сцэну. Спынiўся перад трыбунай, спакойна аглядзеў сабраных.

Аркестра сьцiхла.

- Грамадзяне! - пачуўся выразны, нiзкi голас. - Другi Ўсебеларускi Народны Кангрэс абвяшчаю адчыненым. Вiтаю вас, дэлегаткi й дэлегаты, як прадстаўнiкоў беларускага народу, якiя сабралiся тут, у сталiцы Беларусi, для вырашэньня важных праблемаў будучынi нашага народу й бацькаўшчыны. Жадаю вам адначасна ад iмя Беларускай Цантральнай Рады посьпеху ў вашай працы.

Янук зрокам шукаў Антося Дзеркача. I неўзабаве знайшоў яго ў правым куце, ззаду, пры дзьвярох. Нешта гаварыў з чалавекам у цывiльным, якога Янук нiколi не бачыў. Той неўзабаве адыйшоў, а Дзяркач стаяў пры дзьвярох. Ягоныя вочы пiльна бегалi па сабраных. Янук спасьцярог на Антосевым твары ўсьмешку, калi той пабачыў яго й памахаў рукою. Коратка, як проблiск праменя. Антось зноў пiльна назiраў за прысутнымi ў залi. Янук пабачыў, што й ля iншых дзьвярэй стаялi людзi ў цывiльным. Цi гэта былi звычайныя парадкавыя, як у тэатры, цi мелi падобнае, як Антось, "спэцыяльнае заданьне", Бахмач ня ведаў. Няцяжка было дагадацца якое заданьне мог мець Дзяркач.

Праводжаны воплескамi, Астроўскi пакiнуў трыбуну, а на яго месца зьявiўся мажны выглядам, новавыбраны прэзыдэнт кангрэсу Яўхiм Кiпель, якому ўжо прапануюць цэлы прэзыдыюм.

Зорка й Пушчанская ўважна сачылi за ходам дзеяў i хоць Януку карцiла пагаварыць зь iмi, на сцэне, як-нiяк, адбуывалася гiсторыя. Янук зiрнуў у той бок, дзе кагадзе стаяў Антось Дзяркач. Там зьявiўся той дзяцюк, зь якiм раней гаварыў Антось, а Дзеркача нiдзе ня вiдаць. На самым фронце, перад трыбунай, сядзелi нямецкiя афiцэрскiя чыны, побач iх i афiцэры зь Ярылавымi крыжамi. Там-жа сядзелi й сьвятары, адзiн зь iх, як здалося Януку, япiскап. Далей разьмясьцiлiся юнакi й юначкi ў формах Саюзу Беларускае Моладзi, а той шустры з правага боку, - гэта Ганько. Бачыў яго цi раз Бахмач у хранiкальных фiльмах. З масы людзей, што запоўнiла тэатр, - можа каля паўтары тысячы, Янук мог-бы палiчыць на сваiх пальцах тых, каторых знаў.

- ...мы мусiм самi ўзяцца за будаўнiцтва свае будучынi, - прамаўляў новавыбраны прэзыдэнт кангрэсу Кiпель. - Ад нашага iмя дазваляюць сабе гаварыць крамлёўскiя заправiлы, яны там вызначаюць апякуноў, якiя ўжо рыхтуюць шыбенiцы нашаму народу. На нашы землi прэтэндуюць польскiя паны. I вось чаму ў гэты час мы павiнны голасна сказаць усяму сьвету, хто мы й чаго мы хочам.

Iзноў хлынулi шчодрыя воплескi. Цэладзённыя прамовы толькi пачыналiся й таму дэлегаты заўзята ў далонi плёскалi. Нагода надзвычайная, гiстарычная. Як-нiяк, паняволеная й зганьбаваная краiна рэдка калi зьбiрала ў Менск цьвет свайго народу, калi не бальшыню дык прынамсi вялiкую часьць палiтычных мазгоў i моладзi. Адчувалася напружаньне. Яно вiдаць было, як здалося Януку й на тварах дэлегатаў, i - за вонкавым спакоем, - на тварах сяброў прэзыдыюму кангрэсу. Яго цяжка было скрыць. Другi вораг наблiжаўся да сталiцы, а першы ўжо аглядаўся, каб як найскарэй i больш бясьпечна адсюль змыцца. У горадзе-ж, як усiм у той час было добра вядома, чакала добра зарганiзаванае бальшавiцкае падпольле. Умовы ня вельмi спрыяльныя для доўгiх i дакладных разважаньняў пра лёс i будучыню беларускага народу на вечы. Трэба было мяркаваць, што й бальшыня дэлегатаў, каторыя запраўды складалi асноўны патрыятычны шпень так вынiшчанага ды iз нацыянальнага кiраўнiчага элемэнту выпаласканага народу, ня мела значных сумлеваў адносна запраўднае функцыi кангрэсу. Трэба-ж было быць абсалютна наiўным, каб верыць, што ўдасца зрабiць больш, чымся апрабаваць ужо падрыхтаваныя дэклярацыi й рэзалюцыi. Навет ня было калi. Трэба ўжо было думаць пра эвакуацыю, а некаторыя дэлегаты, каб вярнуцца дадому, мусiлi-б ехаць ужо пад бальшавiцкую акупацыю.