Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 215

К Акула

- Ага, мусiць i я.

- Якое гэта такое мусiць? Прызнавайся, так цi не?

- Ну нiхай сабе...

- Нiхай сабе што?

- Зажурылася.

- Вось як. Адразу прызналася-б.

Янук зноў i яшчэ больш раптоўна, чымся раней, насеў на Дунiны вусны. Агарнула яго млявасьць, як некалi ў канюшыне цi тады над рэчкай па дарозе з Глыбокага. П'ючы нэктар каханых вуснаў, Янук зусiм аслабеў, пачаў дрыжэць, але напятая юрлiвасьць усёроўна трымала яго пры Дунiных вуснах. Адчуўшы хлопцавы дрыжыкi, дзяўчына адпiхнула яго.

- Даволi на прывiтаньне. Дый пост цяперака.

- А што ў пост няможна?

Разгарачаны, Янук адчуваў сябе як малы хлопчык, што выцягнуў руку па пульхную аладку й атрымаў ложкай па ёй. Неўзабаве, з намаганьнем, успакоiўся, усьмiхнуўся.

- Ты можа дамоў iсьцi сабiралася? - спытаўся ў Дунi.

- Ды мне не сьпяшыцца. У Клавы бацькоў жыву.

- У iх харчы маеш?

- Ага. Яшчэ да вечара далёка.

Стаялi пры вакне. Сонца вызiрнула з-за хмары. Над соснамi на могiльнiку кружылi груганы й чорнымi, абшырнымi лапiкламi чарнела спад сьнегу поле.

- I ня ўгледзiш як жаваранкi зьявяцца, - сказала Макатунiшка голасам, якi сьветчыў, што думкi яе зусiм ня пры жаўранках былi.

- Ну то расказвай што чуваць, - спанукаў Янук.

- Ты з дарогi, ты першы. Я, сам ведаеш, памалу тутака зь дзеткамi. Працы хапае. А ты на шырокiм сьвеце пабываў, многа перажыў, дык i мне раскажы.

- Я перш за ўсё хачу цябе пра настаўнiцкую працу спытаць, - ня ўступаў Янук. - Многа вучняў маеш?

- Ды хапае. Усяго ў чатырох клясах, мусiць, больш сарака. Было-б i больш, ды некаторыя ня прыходзяць. Знаеш некаторых людзей цямноту...

- I як-жа ты спраўляешся? Вучыш адразу дзьве клясы?

- Першую з трэцяй, а другую з чацьвёртай. Адны маюць цiхiя заняткi, а другiя голасам. Хiба-ж ты прынцып знаеш. Ну неяк iдзе. Ужо крыху руку набiла. Чаго добрага, а працы хапае.

- А як-жа бацькi да цябе адносяцца?

- Цяпер вельмi добра. Можа паспрыяла таму старая Плясьневiчыха, якую зь недахопу кавлiфiкаваных настаўнiкаў былi тут працаваць паставiлi. Дык яна як пачала ўсялякую бязглузьдзiцу ўперамешку з дурнiцамi плесьцi то ня толькi бацькi затурбавалiся, але навет дзецi пачалi зь яе рагатаць. Яна, - як бы табе сказаць? - як-бы грунт для мяне падрыхтавала. Людзi сказалi, што навет Дуня Макатунiшка за яе лепш патрапiць. Праўда, некаторыя гэта так сабе iз кпiнкамi, ведаеш... Але скора пераканалiся, што я, хоць i "жабоцька нямытая", але настаўнiца нядрэнная.

I Янук запраўды пабачыў на Дунiным сьветлым тварыку задавальненьне, што адбiваецца асаблiвым колерам у людзей, калi яно ёсьць запраўдным доказам усьведамленьня собскае годнасьцi.

- Цiкава, якая зь цябе настаўнiца, - сказаў, падумаўшы, Янук. Хацеў-бы я ў цябе на лекцыi пасядзець.

- Хочаш пераканацца, якая зь мяне настаўнiца? - з выклiкам у вачох спытала Дуня.

- Чаму-ж не...

- Сядайце, Янук Бахмач! - загадала Макатунiшка. - Цяпер я ваша настаўнiца, а вы, Янук Бахмач, мой вучань. Толькi ўмовiмся, што вы будзеце зусiм шчыра й бязь нiякiх жартаў на мае пытаньнi адказваць. Чаму пытаньнi? Калi вы прыгадваеце, - а вы, пэўна-ж, прыгадваеце, Янук Бахмач, бо вашы здольнасьцi мне надзвычайна добра ведамыя, - спадар Васько ў Глыбокiм вучыў нас з дыдактыкi, што пытаньне часта цяжэй сфармуляваць, чым адказаць на яго. Цi-ж ня так?