Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 214

К Акула

Яны стаялi ў адлегласьцi крокаў чатырох адзiн ад другога, напорыста пазiралi сабе ў вочы. I ўгледзела Дуня ў Януковых вачох раней няпрысутную там цьвёрдасьць i яшчэ нешта. Калiсьцi дамiнаваў там пытальнiк, зьдзiўленьне, гаспадарыў шукальнiк прыгодаў, а цяпер - нешта наводля апаразы, крыўднае горычы й рашчараваньня. Ранены iдэялiст. За гэтым прыйдзе злосьць, а можа й нянавiсьць. Бачыла Дуня нешта падобнае ў вачох сваiх, даверлiвых некалi да людзей, сясьцёр i маткi. Мiж Януковым зрокам i тварам, - добра памятала тое Дуня, - была некалi суцэльная, суладная гармонiя выгляду. У вачох гнязьдзiлася неўгамонная прага лёту, паэтычная асмугласьць, сьведамасьць знаёмства з адлеглымi гарызонтамi думак i мараў. Яны вечна нечага шукалi, танцавалi жыцьцём, заўсёды яе, Дуню, заманьвалi, да прыгодаў цягнулi й падбадзёрвалi. I добра гарманiзавалi з буйнымi валосамi й сьветлым тварам. Цяпер суцэльнасьць страцiлася. Калi вочы поўнасьцю не застылi яшчэ цьвёрдасьцю, дык прынамсi ў iх ужо доўга трывала гартаваньне. Зь нейкай прычыны, - цi гэта адно так Дунi здавалася? - вочы цяпер выглядалi камiчна на мiзэрненькiм, высахлым тварыку. Сама-ж хлапцова поза куды больш увыдатняла тую камiчнасьць. Як нi намагалася стрымацца настаўнiца, яна зноў пырснула сьмехам.

- Чаго так тагочаш? - шорстка спытаўся ў дзяўчыны Янук.

- Як нi рагатаць? Ха-ха-ха! Цi ты ў люстра глядзеўся? Абстрыжаны, такi сур'ёзна паважны й надзьмуты, як пузыр. Ха-ха-ха!

Янук паволi пачаў аглядаць сваю вопратку, пагладзiў рукой абстрыжанную галаву, камiчна прыжмурыў вочы, ужо ўсьведамiўшы як запраўды сьмешным мог паказацца дзяўчыне. Раптам i ён, спачатку павольна, а пасьля жвавей, пачаў рагатаць. I для Янука гэта быў першы й шчыры, побач звонкага Дунiнага, рогат ад няпамятных часоў. I сьмяючыся супольна, гэтак сябе заахвочвалi ды дайшлi неўзабаве да тэй мяжы, дзе па iнэрцыi рагочаш iз свайго-ж рогату. Дыхаць стала цяжка, у Янука набеглi ў вачох сьлёзы. Выцер iх рукою.

Дуня змоўкла. Цяпер уважней прыгледзеўся ёй Янук. У пакоi, перапоўненым двума шэрагамi лавак, запанавала цiшыня. Паднечана пажвавелi ў грудзёх маладыя сэрцы й пры сьвятле праменьняў заходзячага сонца, што праз вокны зiрнулi, паволi, з прагнасьцю насалоды, прыблiжалiся да сябе дзьве пары вуснаў. Янук узяў дзяўчыну ў вабдымкi раптоўна, парывiста, iмпэтна.

- Ты-ж, Янучок... мiленькi, ня штурмуй так, памалу, - кволым, ласкавым голасам перасьцярогi спынiла яго дзяўчына.

- Ну не шкадуй, дай-жа ты мне табой нацешыцца! - цьвёрда насядаў Янук, абцалоўваючы ейныя румяныя шчочкi й глыбака, быццам матка, што даўно згубленае дзiця знайшла, заглядаў у шырока адчыненыя, юрлiвыя дзяўчынiны вочы.

- Зажурыўся па мне, Янучок?

- Ага, зажурыўся, Дунечка, моцна, моцна. А ты па мне?