Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 202

К Акула

- Выглядае, вас цiкавiць, што я думаю, а не асаблiва тое, што я перажыў? - спытаў Янук.

- Ведама, думкi й выснавы нараджаюцца зь перажытага. Таму цiкавiць мяне адно й другое.

Пасьля ўсяночнага падарожжа зь Менску, зусiм новых уражаньняў на волi, а цяпер яшчэ да адказу наладаванага жывата такiмi харчамi, якiх даўно не спажываў, Янук чуўся ня зусiм добра. Быццам ад усяго гэтага пацяжэў ягоны язык. Таму й пачаў зь лёгкага, можна сказаць, з прыгоднiцкага, з таго, што спад нагляду менскае вязьнiчнае аховы мог-бы цi раз шмыгнуць у руiны, уцячы. Адно яго стрымлiвала: уцёкшы, што будзеш рабiць без дакумантаў, калi натрапiш на якi нямецкi, цi беларускi патруль? Могуць палiчыць цябе бальшавiцкiм бандытам. I што тады? А як дабярэшся зь Менску дамоў? Па дарозе падчас вайны, бязь нiякiх сродкаў да жыцьця, падсьцерагае цябе тысяча небясьпекаў.

Распытаўшы пра турму, Кастусь Падгайскi, зусiм не спанукаючы юнака, вiдаць таму, каб той чуўся ў яго за сталом як у гасьцях, свабодна й паволi распытваў пра навуку ў Вiльнi, пра беларускi актыў, а пасьля й пра менскiх Беларусаў. Падгайскага цiкавiлi ня толькi выпадкi й людзi, пра якiх Янук апавядаў, але й Янукова апiнiя пра iх. Аграном уважна сачыў хлапца, яго рухi, мову, зручна дзе ўставiўшы ў гутарку колькi слоў цi якую ключовую фразу, каб памагчы юнаку выказацца. Гэтак спрактыкаваны й таленавiты пэдагог лёгка й амаль незаўважна памагае выказацца нясьмеламу вучню. Асаблiвай цiкавасьцю загарэўся аграномаў твар, калi Янук у глыбокiм роздуме пачаў апiсваць цырымонiю прысягi новаперашколеных камандзераў Беларускае Самааховы на Пляцы Волi, прамову Астроўскага ды свае пра гэта разважаньнi. Падгайскi яшчэ й яшчэ раз перапытваў юнака, каб упэўнiцца, што так а ня йнкаш пачуў адну цi iншую яго думку.

- Я падазраваў, што шмат цiкавага ад цябе пачую, - пачаў нарэшце, устаўшы з-за стала й спацыруючы па абшырнай кухнi, аграном. - Тое, што пачуў, мяне зацiкавiла зь некалькiх прычынаў. Адна, ясна, проста людзкая цiкавасьць. Хоць я павярхоўна ведаў пра твае, так сказаць, прыгоды, мяне вельмi цiкавiлi дэталi. Сам ведаеш, што хоць я й зьвязаны з нашымi ў Вiльнi й Менску, але ў Вiльнi я даўно ня быў, а ў Менску саўсiм нiколi ня быў. Вось чаму цiкавае гэта ўсё. Часы зьмянiлiся. Таксама й Вiльня, пра якую ты расказваеш, гэта ня тая, якую я знаў, не гаворачы ўжо пра людзей. Але мяне, - i то можа болi чым твае прыгоды, - зацiкавiлi твае разважаньнi. Вiджу з гэтага, што ты ня толькi навучыўся глядзець, але й бачыць. Ты-ж знаеш, што многа людзей глядзець то яны глядзяць, але бачыць ня ўмеюць. I я тут, - прызнаюся табе шчыра, браток, - на вялiкае свае задавальненьне спасьцярог, што ты ня толькi ўмееш глядзець, але навучыўся й бачыць. Вось гэта, так сказаць, самае асноўнае.