Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 203

К Акула

- Ды ў цябе, аказваецца, яшчэ больш нешта. I гэта надзвычайна важнае: пасьля таго, што ты бачыш, ты навучыўся бачанае аналiзаваць, па костачках разьбiраць. А гэта, трэба прызнацца, ужо нямногiм людзям дадзена. Бо, ясна, кажуць, што кажны чалавек разважае. Ну што-ж, яно-ж так... Але... I гэта вялiкае "але": разважаць i разважаць - гэта дзьве розныя вялiчынi. Адзiн, i гэта адносiцца да бальшынi людзей, - мерыць усё на сваю мерку, цi, iнакш гаворачы, на свой капыл. У цябе, дзякуй Богу, гэтага недахопу няма. Бо гэта, - што тут будзем скрываць? - мерка на свой капыл ёсьць адсутнасьцю аб'ектыўнасьцi. Адныя людзi толькi бачаныя пераказваюць, iншыя-ж разважаюць, але толькi са сваей суб'ектыўнай пазыцыi. Гэткае разважаньне зламаны грош варта. Яно ня прыводзяць да правiльных выснаваў. У цябе, я бачу, выступае самае найлепшае, бо намагаешся разважаць аб'ектыўна, а гэта ўжо больш, чым у iншых.

- Ня ведаю якiя там настаўнiкi былi ў цябе ў вiленскай гiмназii. Зрэшты, ты там коратка быў. Мусiць, на цябе найбольшы ўплыў зрабiў наш мясцовы, - дай Бог яму здароўя, - гiсторык Сабалеўскi. I яшчо, ведаючы, што ты начытаўся многа й нешта пiшаш, дык ты, магчыма, прыдбаў гэту аграмадную цэннасьць аб'ектыўнага разважаньня сам сваймi намаганьнямi. Як-бы там нi было, выслухаўшы цябе ўважна, як толькi мог сьцьвярджаю гэты факт зь вялiкiм задавальненьнем. Ня думай, што я стараюся цябе пахвалiць. Нашто гэта? Я проста сьцьвярджаю гэты факт, вельмi й надта пазытыўны. Цяпер-жа, калi можна, затрымацца над тваймi думкамi, асаблiва тымi, як ты выказаўся, што прыйшлi табе ў галаву калi ты назiраў прысягу камандзераў Беларускай Самааховы на Пляцы Волi, а пасьля слухаў прэзыдэнта Астроўскага...

Падгайскi затрымаўся, стануў пасярод кухнi, прыглядаўся Януку, нешта доўга думаў.

- Можа вып'еш чарку? - раптам спытаў Бахмача.

Янук ня ведаў, што адказаць.

- Я, самi ведаеце, амаль нiколi ня пiў, але... можа пры такой нагодзе: першы раз на волi пасьля чатырох месяцаў катушка... Можа й вып'ю...

- Вось, вось яно, - падтрымаў Падгайскi, - вып'ем за тваю волю, цi лепш сказаць, вызваленьне. Ты прабач, што я табе раней выпiць не пасулiў, але гэта я з прычыны. Вiдзiш, ты згаладалы, дык на пусты жывот гарэлка шкодзiць. А цяперака, пасьля таго, як ты чарвяка першага замарыў, то можыш. Ды яшчо, братка, вазьмi й добра закусi. Гэта табе на здароўе пойдзiць.

Пасьля такое прамовы гаспадар выняў з шафкi шнапс i напоўнiў дзьве чаркi.

- Прызнаюся табе, што ў мяне ёсьць i другая прычына, каб ты выпiў, сказаў аграном.

Янук зiрнуў на яго зь цiкавасьцю.

- А гэта тое, што як ты сказаў, у вагоне цябе скразьняк праняў. Дык шнапс - гэта добры лек. Ня турбуйся. Вып'ем па чарцы, дам табе яшчэ й другую. Гэта табе на карысьць толька пойдзiць. Вось так. Значыцца, за тваё вызваленьне! - завяршыў аграном сваю прамову.