Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 200

К Акула

"Словы, словы, мора словаў, - думаў Бахмач. - Колькi тут таго "фундаманту" новай беларускай армii... Але пачатак павiнен быць..."

Iзь зьмешаннымi пачуцьцямi йшоў Янук з Пляцу Волi. Зайшоўся ў рэдакцыю "Беларускай Газэты", дзе пастукаў у зачыненыя дзьверы. Сьвята. Шкада. Ад апошняга разу, калi ў iх быў i атрымаў колькi марак, больш нiчога не атрымлiваў. А цяпер яму, слабому й худому, нейкiя грошы вось як памаглi-бы. Вечарам, пасьля доўгага чаканьня, Бахмач ад'ехаў цягнiком зь Менску.

35

Стук у дзьверы хаты Падгайскага ня выклiкаў нiякага водгуку й Бахмач пачаў разважаць цi пайсьцi дадому нацянькi праз пушчу, цi лепш гасьцiнцам. Зьлез зь цягнiка вельмi галодны й наважыў забегчыся да агранома, каб есьцi папрасiць. Балазе, ноччу, перамагаючы розныя нявыгады, нядрэнна выспаўся, навет пра бурклiвы страўнiк забыўся. Праўда дакучалi вошы, i iх, у вязьнiцы нажытых, трэба будзе пазбыцца адразу, дахаты вярнуўшыся. Крышку ў цягнiку скразьняк дзесьцi iз шчылiны прабраў. Каб, ня дай Божа, якая трасца-хвароба на хрыбет ня ўзьлезла!

Вылезшы зь цягнiка, доўга прыглядаўся, як жаўнеры, быццам мурашкi шнуравалi ля мясцовай кухнi. У носе казытаў запах нейкай эрзац-кафэ, маргарыны, чорнага хлеба, мармаляды. З лакомасьцю пазiраў у той, на хуткую руку да будынку вакзалу дабудаваны драўляны трысьцен, куды войска на "фрыштык" сьпяшыла. Там недзе, - прыгадаў Янук, - Марыя Iванаўна, калi нiчога нязвычайнага зь ёю не здарылася, пры працы пыхцела. Пiсала Дуня яму яшчэ ў Вiльню, што "гэны абiбок у партызаны пайшоў, каб яго трасца!" Гэта яна пра Януковага сваяка Ўладзiмера. Якая гаручка яго, дурня, туды панесла? Кажуць, што яблыка далёка ад яблынi не адкоцiцца. Ваўка ў лес цягне. Узгадаваны ў савецкiм духу юнак так i астаўся лёяльны атруце, яму змалку ўложанай. Што зробiш... Што з Марыяй Iванаўнай? Як гэта гаротнiца, сама-самюсенькая цяпер церпiць? А можа яе немцы за сына пакаралi? Варта было-б да яе зайсьцiся. А цi мае яна што есьцi? Можа й ёсьць якiя нямецкiя, прывалочаныя з кухнi, аб'едкi... Не, Янук, цяпер уздужэлы сьвежым паветрам, адразу цэлага барана зьеў-бы. Няпераможная маладосьць свайго дамагаецца. Лепш да Марыi Iванаўны ня йсьцi. Калi ўсё ў парадку дык яна напэўна на працы. А калi не... Лепш пайсьцi да Падгайскага. Гэта надзвычайны чалавек, ён, пэўне-ж, дома а харчоў у яго заўсёды ўволю.

Але чаму-ж ён дзьвярэй не адчыняе? Рашчараваны хлапец раптам прыгадаў, што чалавек можа быць дзесьцi працай заняты. Дзень удаўся, як золата: адлiжны, пагодны. Глядзi, неўзабаве жаўранкi над польнымi праталiнамi зазьвiняць. Цудоўная вясна наперадзе. I ў такi час у агранома працы столькi, што не пакладай рук.

Знайшоў яго Янук у цяплярнi мiж кучаў кампосту, ускапанай зямлi. З памочнiцамi. Дзьве жанчыны, якiх Янук ня ведаў, корпалiся пры нарыхтоўцы глебы. У гэным сэктары цяплярнi, дзе ня было зусiм зеленi, аграном, вiдаць, манiўся сеяць нейкую расаду. Янук увайшоў праз шырака рашчыненыя дзьверы, разглядаўся. Ягоную ўвагу зьвярнулi пышныя кветкi ў вазонiцах на сонцы. Каму аграном цяпер прадаваў гэтыя вазоны? Падгайскi, абапёршыся на вiлы, якiмi перакопваў чорную глебу, спынiў працу. На твары ягоным зьявiлася няўцямнасьць.