Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 201

К Акула

- Янук? - спытаў ён iз сумлевам у голасе.

- Памажы, Божа, у працы! - адказаў, як мага бойка, юнак.

- Дзякую, дзякую, браток, - распрамянiўся аграномаў твар. У кашулi бязрукаўцы, твар рыжай шчацiнай аброслы, мускулiстыя рукi, аграном зьзяў радасьцю й сiлай.

- Яй-Богу нi пазнаў! А Госпадзе мой, цi ты, юнак, вiдзiў, як ты выглядаеш? Скура ды косьцi. От шэльмы, гэтак хлапца высушыць! I абстрыглi-ж, баньдзюгi! Але чаго гэта я языком траплю? Ты толька цяпер зь цягнiка? Калi так, дык ты пэўне страшна галодны... Хадзi, братка, хадзi, дарагi мой госьцiк. Вялiкую радасьць прынёс ты мне ў хату. Хадзi, брацец, зараз мы цябе падлечым.

Гэтак гаворачы, Кастусь Падгайскi аж да болю сьцiснуў Янукову далоню, прытулiў хлопца да сябе.

- Братка дарагi, як я рад цябе бачыць! Хадзi-ж, хадзi!

Нейкай паўгадзiны пазьней Янук сядзеў за шчодра харчамi застаўленым сталом. Галоўнае месца на iм заняла сьвежа сьпечаная яечня, побач яе вяндлiна, розная квашаная гароднiна, малако, сыр, мёд, хлеб. Аж у галаве ў хлапца ад запаху харчоў закруцiлася.

- Не, не, не гавары, перш добра пад'еш. Еш, братка, пасьля пагаворым, мне свае прыгоды раскажаш. Цяпер, як кажуць, чарвяка замары. Гэта-ж падумаць, шэльмы, што з хлапца зрабiлi! Ах нягоднiкi, каб вы прапалi!

Сам аграном, прысеўшы зь Януком, толькi прыкiдваўся, што есьць, адно трымаў сяброўства.

- Бяры, братка, вяндлiны паспрабуй. Яшчо, яшчо. Бяры памiдоры квашаныя. Цяпер табе ўсякiя вiтамiны трэба. Яшчо хлеба бяры, сыр, мёд, пасьля малака добра напiся. Нi стыдайся, нi бядуй, у мяне ўсяго хапаiць.

Спанукаць юнака ня трэба было. Пабыўшы "у людзях", - як пасьля любiў жартаваць, - ён пазбыўся ведамай вясовай сарамлiвасьцi. Дзякаваў i еў. I наеўшыся зноў дзякаваў.

- Ня дзякавай, а бяры во яшчо, - спанукаў Падгайскi.

- Дзякую, ужо больш не магу, яй Богу!

- Ну добра. Калi ўжо так, то нiхай сабе. Цяпер апавядай, - зiрнуў глыбака Януку ў вочы аграном.

- Што апавядаць? Перш можа скажыце, як там мае, як Дуня?

- Вёска стаiць, нi спалiлi шэльмы. Усе твае ўпарадку, Дуня таксама. Скора ўвiдзiшся. Нiчога ў iх новага нiма. А Дуня малайчына, сама ў школе сабе раду даець.

- Як Антось Дзяркач?

- Гэты, братка, гярой. Часта яны на партызанаў выяжджаюць, даюць iм у хвост i грыву. Ну але пра гэта пасьля. Ты пра сябе што раскажы.

- Ну што расказваць? Быў у вязьнiцы, адседзеў чатыры месяцы за дурнiцу, - самi знаеце, - а цяпер звольнiлi й маей прыгодзе, як сам ведаеш, канец.

- Ды не, ты, братка, так лёгка з маiх рук ня вышмыгнеш. Расказвай як там было.

- Бачыце па мне, не ў дабры-ж, мусiць, - церабiў у галаве Янук. - Во гэта трасца яшчо, цьфу!

- Вошы?

- А як-жа.

- Ну гэта нi бiда. Удома дасi iм раду. Цяпер апавядай.

- Што апавядаць?

- Я хачу проста, каб ты выгаварыўся, можна сказаць, - калi лепшага слова нiма, - каб выспавядаўся. Праўда, я ня поп, каяцца за грахi ня будзеш. Але выгаварыся. Я ня помню хто такi, - цi не Бакачыё, - некалi сказаў, што калi аднаму чалавеку пра сваю крыўду раскажаш, дык табе адзiн раз палягчэiць, а калi тром, дык аж у тры разы лягчэй станiцца. Кумекаiш? Ты-ж цяперака, пэўне, крыўду ў сэрцы носiш. А каб табе палягчэла, дык трэба тым цяжарам са мной падзялiцца. Ты-ж - паэт, палымяны патрыёт. Ты тамака, у цюрме, палюючы на паразiтаў, напэўна многа чаго перадумаў. Ты ня той чалавек, каторы чатыры месяцы таму назад быў. Ды за табой яшчо й Вiльня. Адным словам - ты для мяне саўсiм новы чалавек, ня той, каторага я некалi знаў. Кумекаiш? От i хачу пазнаць гэтага новага чалавека.