Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 148

К Акула

Iншы голас падказаў,што ня рушыць яму зь месца, бо пасьля не дараваў-бы сабе за такi паступак. А што сказаў-бы аграном Падгайскi, цi Антось Дзяркач, цi навет бацька й брат? Ён-жа ўсiм абяцаў, што вытрывае й вытрымае. Дык як-жа трусом паказацца? Цi хто зь iх ведаў пра ягоныя пачуцьцi да Дунi Макатунiшкi? Дудкi, як казаў той Лявон Загорны...

Ужо зусiм на зьмярканьнi той прыклыпаў дахаты. Зiрнуўшы на сябраў твар распраменены й задаволены, Янук добра ўцямiў, што магло стацца. I баяўся. Зараз адчынiцца Дон Жуанаў рот i пачне ён расказваць пра тое, што было й чаго ня было. Знаючы Лявонаву шырокую фантазiю, нахiл да перабольшаньня дый вузкаваты запас словаў, Янук мог i за Лявона расаказаць-бы. Ён хацеў выйсьцi на вулiцу, але ўночы хадзiць цывiльным было забаронена.

- Ну й што, пагуляў? - спытаў Лявона й адразу прыкусiў язык.

- Эх, брацец, каб ты ведаў, што за дзяўчына!

- Ну ладна, ашчадзi мяне. Уяўляю.

26

Добра спалася пад цёплай пярынай. Нiна некалi ў пасаг Паўлюку Бураку яе прынесла. Антось мяркаваў, што стары скнэра, пэўне-ж, многа з жонкай пад пярынай не ахарошваўся, бо яму не да любошчаў было, маладую жанчыну цяглавай сiлай лiчыў. Нiна пра Бурака неахвотна згадвала, але то там то гэтта ў гутарцы слоўца прыкiнецца, сказ выскачыць, быццам вясной вада спад лёду праб'ецца. Памалу зьбiраючы факты й падсумоўваючы пачутае, Антось вобраз жыцьцё Нiны з Бураком стварыў. Выглядала, што жыцьцё iз старым скнэрам было абсалютна нязноснае, пра нейкае каханьне ўжо не гаворачы.

Кагадзе Антось зь Нiнай шлюб узяў. Збоку, роўна дыхаючы, спала жонка. Солад сну пасьля буйнага вычарпаньня. Ведаў ў сваiм жыцьцi Антось цi адну жанчыну. Галярэя характараў, нораваў, фiзычных прывабнасьцёў. дзевак навокал хапала. Чужнiкi пазабiралi дзяцюкоў у войска, а бедныя дзяўчаты гарэлi й тлелi нязбытымi марамi. У гушчы дзявочага лесу, якi Антось пазнаў, на першым месцы паставiў-бы Нiну. Цi ня страчанае надрабiцць намагалася... У пасьцелi гэта была зусiм ня тая жанчына, якую ведаю ўдзень. Аддавалася поўнасьцю, бязь нiякае рэзэрвы. Гэта надзвычайна прыгожая, сьцiплая, чароўная жанчына ўночы замянялася ў нешта iншае, непамяркоўнае, дзе забывацца трэба было пра ўсялякiя межы й рацыянальнасьць. Як мага старалася дагадзiць Антосю, камбiнавала час спалучэньня плоцi так, каб асягнуць максiмум эротычнае экстазы.

- Нiначка, дарагая, ты цi нi занадта! - шаптаў Антось мiж цалункаў.

- Антоська, саколiк мой, любiш мяне?

Голас пяшчотны, задыханы.

- Чаму-ж не... Можа й люблю...

Нiнiны зубы ўпiлiся ў шыю. Гуляючы, кусаюць.

- Гэй, ты ня кусайся!

У цемры гучны плясь. Растрывожаны, з адценьнем прагi, Нiнiн голас: