Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 147

К Акула

- Ну а ты што?

- А я проста з мосту кажу: не магу й ня буду. Чаму? - пытаецца. Таму, кажу, што ты Полька. Каб ты бачыў, як яна ўзгарэлася, пакрыўдзiлася i ўцякла. I з тэй пары цябе падлабуньвае.

- Дудкi, браце, - кпiў Лявон. - I што за розьнiца, Полька цi Беларуска? Закасай аднэй цi другой спаднiцу дык пабачыш, што розьнiцы нiякай няма.

- Цьфу на цябе! - узлаваўся Янук. - Табе толька, мусiць, спаднiца ў галаве. Як табе ня грэх, у бардак паплёўся! I натрапiў на цацу. А тая: "каханенькi мой, я так задаволеная, бо так даўно Паляка ня мела". Ну а ты-ж ужо там, вiдаць, самым запраўдным пшэкам прытварыўся! Як табе ня сорам! I каб было за што? Ты, я бачу, лёгка сваю нацыянальнасьць за спаднiцу прадаў-бы.

- Слухай, iдзi ў манахi, як хочаш. I пэўне-ж, я малады, дык мяне спаднiцы й цiкавяць. I пры чым тут нацыянальнасьць? Я трымаюся таго, што Скараход сказаў: усiх дзевак не перабярэш, але старацца трэба. Га-га-га!

- От-жа знайшоўся Дон Жуан. Мацi недзе дома трывожыцца, як там мой бедненькi сынок у Вiльнi, цi даволi яму есьцi, цi чаго яму не бракуе, напэўна Бога просiць у царкве, каб памог. А сын што вырабляе? Знаеш, Лявон...

- Слухай, кажу табе, што дудкi, ды ўсё. У цябе гэта, мусiць, зайздрасьць гаворыць, калi я ў дзяўчат посьпехi маю...

- Давай, ведаеш што, лепш перастанем. Знайшоў чым хвалiцца. Скажаш яшчэ, што табе дзеўкi праходу нi даюць.

- А можа й нi даюць...

Седзячы й разважаючы, Янук прыгадаў, што гутарка такiм чынам зайшла ў тупiк. I як-бы не рацыяналiзаваў свае паступкi, як-бы не апраўдываў iх, а факт быў фактам, што ягоны сябра Лявон недзе пэўне трымае цяпер у вабдымках прыгожую Янiну Рандуўну, насалоджваецца ейнымi вусенкамi, а вялiкi цнотка Янук Бахмач сам на бальконе, чытае ад дзяўчыны лiст i трывожыцца, каб да яе не дабраўся Аблiзаная Авечка. Для Дунi захоўвае сваю чысьцiню, баiцца саграшыць, з прычыны нацыянальнасьцi адкiнуў Янiну. "Iж, якi ты, браце, гэрой! - пачаў Янук у думках прамаўляць да сябе самога. - Глянь, вунь усе маладыя гуляюць, насалоджваюцца жыцьцём. Хто зь iх цяперака, вайной, глядзiць на якую мараль цi баiцца якога граху? Яны выкарыстоўваюць час, бо, ведаеш, вайна. А гады-ж лятуць. Ну добра, добра! Можа ты й задаволены сваей чысьцiнёй, бо ты-ж разам зь Лявонам у бардак не хадзiў. Але падумай, хлопча, - я табе раю: запраўды добра падумай, - што, калi твая цацанька-васiлёчак Дуня ў вабдымках Вайцяхоўскага? Га? Што, калi яна яму аддасца? Ты-ж яе пакiнуў, а яна-ж - дзяўчына крывi гарачай, ведаеш зь якой сям'i. I што, калi Вайцяхоўскi задумае яе сiлай узяць?"

Гэткая апошняя праўдападобнасьць поўнiла хлопца жахам. Дуня ня пiсала, цi яна сама настаўнiчае, цi зь кiм iншым. А можа ў тайнiцы трымае? Ну й калi, прыкладна, Аблiзаная Авечка сiлай захоча яе ўзяць, то тады што? Можа? Але. Зусiм лёгка. Дзе-ж Дуня ад яго абаронiцца? Праўда, некалi ад Лявона Шпунта ў лесе абаранiлася, ну але той проста напаў на яе. А гэты прыкiнецца хiтранькiм i лiсьлiвым, як лiсiца, подступам спрабуе. Тады як?

Як не намагаўся ўспакоiць сябе Янук, у галаву паўзьлi самыя найбрыдчэйшыя думкi. Пачаў уяўляць савю даражэнькую Дуню, свой мiлы васiлёк у вабдымках Аблiзанай Авечкi. Як на загад, малаточкi прысьпяшылi тэмпа ў скронях, млявасьць распаўзлася па целе, бездапаможна сьцiснулiся кулакi. Можа лепш плюнуць на гэту ўсю гiмназiю, сесьцi на цягнiк i назад, да Дунi... Што мне з тае навукi, калi магу яе нейкай брыдзе страцiць? Я во тутака пiльнуюся, дзевак ад сябе навет з думак адганяю, а яна там, хто ведае...