Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 150

К Акула

I другая думка: сядзеў ён, Антось, колькi на Гараватцы, таго злодзея падпiльноўваючы, або валачыўся па нача, разьнюхваючы як да Бронхэра падпаўсьцi. А ў гэты час ягоная дарагая Нiна сама ў пасьцелi. Нарэшце выкапаў нару, забясьпечыўся. Цяпер ён кажную ноч зь ёю. Нiна сталася для яго найлепшай, найбольше шчодрай узнагародаю. На яе грудзях забываўся пра вайну, пра мiнулыя й цяперашнiя нягоды, успыхаў поўным i плённым гарэньнем. I дальбог, часамi здавалася навет чалавеку, што гэта ўсё крышку занадта добра, навет мо нейкi трык лёсу, штосьцi нярэальнае. Але хапiла адно прыгарнуцца да яе й зьнiкалi найменшыя сумлевы. Так. Гэта ўсё праўдзiвае. I яно адбываецца ня ў нейкiх апавяданьнях цi раманах, яно вось тут i яно цяпер. Адно часамi дакараў сябе Антось, што спакуса, выклiкаючая яго кажную ноч на паядынак,замiнала думаць пра тое галоўнае, што абавязкова мае прыйсьцi.

Ведаючы Лявона Шпунта, Антось зусiм ня сумляваўся, што стары лiс i валацуга недзе плянуе па начах, камбiнуе як да яго, Антося, падпаўзьцi. I шкада, што нi солтыс Паўлоўскi, нi хто iншы не злавiў яго ў бацькоў. Былi-ж ночы, калi радасна сустракаў некага Шпунтоў сабака. Каго-ж, апроч Лявона? I чакаў Антось нямiнучае сустрэчы, тае, што была наканавана. I разважаў пра пазыцыi Лявонаву й сваю. Iнiцыятыва належала да Шпунта. I выбар часу, i сiла ўдзельнiкаў, - усё было ў Шпунтовых руках. Адно было ведама, - месца паядынку. I цяпер, пасьля чароднага вычарпаньня, - было ўжо позна, дзесьцi паьля поўначы, - прыгадаў Антось, змагаючыся з дрымотай, пра сваю зброю. Апусьцiў руку й гэтта-ж ля ложка на падлозе намацаў кужэльную торбу. А ў ёй быў нож i наган. Нож, - кавалак адточанага мёртвага зялеза. Без Антося ён няпрыдатны. Адно як схопiць яго Антосева рука ды кiне спрактыкаваным рухам, тады нож становiцца сьмерцяноснай зброяй. Даўно нож бачыў кроў. Цi давядзецца яму ўпiцца ў Лявонаву мякаць? Гэтым разам не паўторыцца тое, што лясьнiчоўцы. Забавы мiнулi.

Дзiву даешся, што за недарэчная вайна, - думаў Антось. Гэткай ня толькi раней ня было, але чалавек такой навет уявiць ня мог. "Галоўная каманда Вэрмахту паведамляе" - пачыналася ваенная хронiка ў друку. Дзесьцi на фроньце дужалiся дзьве магутныя сiлы. Як там ня было-б жаўнеру, ён выконываў загад, спанатрыў дзе хаваецца працiўнiк ды страляў. Проста - ты яго або ён цябе. А тут, ззаду? Ворага ня бачыш, адно пра яго мяркуеш. Пакуль агледзiшся, ён да цябе, як злодзей, падпаўзе, накiнецца. Нялёгка. Адны бандыты гаспадараць у лясох, iншыя ў гарадох. Абое рабое. Iхная над табой улада, адных ноччу, другiх днём. От i будзь мудрым, баранiся безабаронны. Гэта не вайна, а нейкая сячкарня, ненажэрная пачвара. Узяць хаця-б тую Залатуху. За што спалiлi вёску й людзей? Чым тыя цiхiя й працавiтыя сяляне, што любiлi прыроду й Бога, саграшылi перад аднымi цi другiмi? Няўжо-ж Залатуха гэта прыклад таго, што наканавана ў будучынi, што нiяк не абмiне краiны й людзей? Жах. Азьвярэў чалавек, розуму пазбыўся, страцiў усялякую меру й прапорцыю.