Читать «Беларусы, вас чакае Зямля (Гараватка - 3) (на белорусском языке)» онлайн - страница 146

К Акула

- Бо ты..., - зацяўся Янук.

- Бо я што?

- Ты... Полька, - ужо сьмела адказаў Янук.

Яму здалося, што дзяўчыне забрала мову. Як-бы хто яе пчалiным джалам джгнуў, яна страпянулася, адскочыла ад Янука на крок, а ў карых вачох зьявiлася пакрыўджаная няўцямнасьць. Такое, мусiць, ды ў такой сытуацыi чула ўпяршыню.

- Ты што... Я знаю, я бачу, што дэманструеш сваю беларускасьць. Але..., але якi-ж ты хам!

На гэтым паядынак i скончыўся. Рандуўна рыўком, ужо не азiраючыся, кiнулася ў клясу, а Янук, зiрнуўшы на ейны зграбненькi зад ды нiбы майстрам адточаныя ножкi ў цёплых рудых боцiках, быццам цяпер усьведамiўшы якую крыўду мог ёй зрабiць, пастаяў нерашуча колькi часiнаў ды, прыгадаўшы Лявона, хутка выйшаў.

Ад гэнага часу Янiна Рандуўна, здавалася Януку, куды пахаладнела ў вадносiнах да яго. Ды ўсё-ж не магла юнака камплетна iгнараваць. Гэтак, цi раз на лекцыi лавiла на сабе Янукоў позiрк. А раз зусiм сьмела падыйшла да яго й пачала спрачацца пра беларускасьць. Вельмi была зьдзiўленая, слухаючы Януковы довады, што Вiльня й яе ваколiцы былi й ёсьць беларускiмi, што хаця ў самым горадзе ёсжьць шмат наплыўшага. - Янук падкрэсьлiў гэтае слова, элемэнту, як Палякаў, дык ваколiцы Вiльнi ў бальшынi Беларусамi заселеныя.

Неяк у панядзелак, выходзячы са школы, наўмысна затрымалася ля Янука й сказала, як быццам iхная дыскусiя пра Беларусаў i Палякаў вось адно скончылася:

- А ты знаеш, Беларус, я ўчора за Вiльняй у вёсцы была. Ты казаў, што па вёсках Беларусы жывуць. Гэта няпраўда. Усе там Палякi й гавораць папольску. Толькi як на быдла крычаць, дык тады кажуць: - Ку-у-у-у-уды ты пайшла, каб ты згарэла!

Яна зарагатала. Януку здалося, што хацела ўпiкнуць яго.

- Дык цi-ж ты ня бачыш, дурачка ты, якая беларуская мова прыгожая, калi яе навет карова й iншае быдла разумее? А цi ты чула, як у тэй вёсцы людзi мiж сабой гавораць?

Дзяўчына зачырванелася, хмыкнула й пабегла. Пэўне-ж, не бяз прычыны, неўзабаве адкрыла Януковага сябру Загорнага. Той-жа, як заўсёды, падкi да дзяўчат, пачаў выхваляцца перад Януком. I аднойчы, падчас такога выхваленьня, кажа:

- Не магу толькi зразумець, чаму яна цэлы час пра цябе распытваецца, як-бы ты невядома якой цацай быў.

- Можа таму, што я ёй нос падцёр? - сказаў Янук уважна выслухаўшы сябру.

- Як то падцёр? У вас што было?

- Нi знаю, цi што, цi нiчога? Яна страшна ўвагу любiць, вялiкай прыгажунькай-цацанькай сябе лiчыць.

- Яна вельмi прыгожая, - адказаў Лявон, разважаючы як-бы пасмакаваць тае красы.

- Нiхай сабе. Ты знаеш, раз мяне ў калiдоры прыперла й кажа, чаму я на яе заўсёды пазiраю ў клясе, а так надта холадна й здалёк трымаюся, iгнарую яе, хоць i вiдаць, што гэта ўсё з намаганьнямi. Проста ледзь не сказала што чаму я, як iншыя хлапцы, ня бегаю за ёй. Яна прывыкла каб за ёю бегалi.