Читать «Байкі барда Бідля» онлайн - страница 9
Джаан Роўлінг
Шарлатан даў адну галінку каралю і запэўніў яго, што гэта была чарадзейная палачка неверагоднай сілы.
— Але яна будзе працаваць, — сказаў шарлатан, — толькі калі ты яе годны.
Кожную раніцу шарлатан і дурны кароль выходзілі ў сад, размахвалі чарадзейнымі палачкамі і выкрыквалі ў неба ўсякае глупства. На ўсякі выпадак шарлатан працягваў паказваць фокусы, каб кароль не ўсумніўся ў сваім Вярхоўным Чараўніку і сіле чарадзейных палачак, якія каштавалі столькі грошаў.
Аднойчы раніцай, калі шарлатан і дурны кароль размахвалі галінкамі, скакалі па крузе і спявалі бессэнсоўныя песні, да караля данёсся гучны рогат. Прачка Жартаўніца назірала за каралём і шарлатанам у акно сваёй маленькай халупы і смяялася так моцна, што ў яе падкасіліся ногі, і яна спаўзла на падлогу.
— Мабыць, я паводжу сябе вельмі непрыстойна, раз нават старая прачка засмяялася! — сказаў кароль. Ён перастаў скакаць і размахваць галінкай і нахмурыўся. — Мне ўжо надакучыла навучанне! Калі я буду гатовы, каб ствараць чараўніцтва перад маімі служкамі па-сучаснаму, Чараўнік?
Шарлатан паспрабаваў супакоіць свайго вучня, запэўніўшы яго, што хутка ён зможа чараваць з незвычайнай лёгкасцю, але смех Жартаўніцы задзеў дурнога караля так моцна, што шарлатан і прадставіць не мог.
— Заўтра, сказаў кароль, — мы запросім увесь двор паглядзець, як іх кароль чаруе!
Шарлатан зразумеў, што настаў час хапаць скарбы і ўцякаць.
— На жаль, Ваша Вялікасць, гэта немагчыма! Я забыўся сказаць Вашай Вялікасці, што заўтра я павінен адправіцца ў доўгае вандраванне…
— Калі ты пакінеш палац без майго дазволу, Чараўнік, мая брыгада Паляўнічых на Чараўнікоў з іх ганчакамі асочаць цябе! Заўтра раніцай ты дапаможаш мне чараваць перад маімі лордамі і лэдзі, і калі хтосьці будзе нада мною смяяцца, я загадаю адсекчы табе галаву!
Кароль пайшоў у палац, пакінуўшы напалоханага шарлатана ў адзіноце. Цяпер яго хітрасць яго не выратуе, таму ён не мог ні ўцячы, ні дапамагчы каралю з чараўніцтвам, таму што ні той, ні другі ім не валодалі.
Не ведаючы, на кім спагнаць сваю злосць, шарлатан падышоў да акна прачкі Жартаўніцы. Зазірнуўшы ўнутр, за сталом ён убачыў бабульку, якая паліравала чарадзейную палачку. У куце ззаду яе ў драўлянай кадцы прасціны караля сціраліся самі сабой.
Шарлатан адразу зразумеў, што Жартаўніца была сапраўднай чараўніцай, і што яна не толькі стварыла яму праблемы. але і магла іх вырашыць.
— Старая! — закрычаў шарлатан. — Твой рогат дорага мне абышоўся! Калі ты не дапаможаш мне, я скажу, што ты — чараўніца, і цябе раздзяруць ганчакі караля!
Старая Жартаўніца ўсміхнулася шарлатану і запэўніла яго, што яна зробіць усё, што ў яе сілах, каб дапамагчы яму.
Шарлатан сказаў ёй схавацца ў кустах, пакуль кароль будзе чараваць перад публікай, і рабіць гэта замест яго так, каб ён не ведаў. Жартаўніца пагадзілася, але задала адно пытанне.
— Сэр, а што, калі кароль паспрабуе стварыць заклён, якога Жартаўніца не зможа зрабіць?
Шарлатан усміхнуўся.
— Уяўленне гэтага дурня побач не стаяла з тваім чараўніцтвам, — запэўніў ён яе і вярнуўся ў палац, задаволены сваёй кемлівасцю.