Читать «Апошнія ахвяры сьвяшчэннага дуба (повесть)» онлайн - страница 107

Ольга Михайловна Ипатова

— А мы проса сеялі, сеялі, — па кіўку ваяводы пачала пані кашталянава, высокая, моцна зьбітая кабета ў сіняй аксамітавай сукні і чырвоным кабаце з залатой шнуроўкай, у белай намітцы з тонкага ўсходняга мусьліну, і жанчыны падхапілі:

— Ой, дзід Лада, сеялі, сеялі…

Мужчыны рашуча пасунуліся да жанчын, і бас ваяводы зноў загучаў, як абдымаючы ўсіх прысутных:

— А мы проса вытапчам, вытапчам!

Заціхлі ўсе размовы. Да скокаў далучаліся іншыя госьці, і хутка большая частка прысутных з захапленьнем сьпявала і танчыла, славячы багіню Ладу і Леля. Вялікі князь у рытм сьпеваў пастукваў доўгімі пальцамі па белым ільняным абрусе. Князёўны пляскалі ў далоні.

Няжылу раптам здалося, што бачыць і назірае за ўсім гэтым ён нібы з нейкай вышыні, дзе і гукі і фарбы мяняюцца, дзе з-пад звыклага праглядае нешта зусім іншае.

Яго любы брат сядзеў зараз у вязьніцы, жалезьзе ўпілося ў тонкія маладыя рукі, да струпоў нацёршы запясьці. Жоўтая сукравіца сачылася з каленяў, на якіх ён стаяў у час малітваў.

Няжылу здалося, што ён расьце, уздымаецца над усім тут і робіцца вялізным, як сама зала. Ніколі не адчутае ім, гарачае, п’янкое пачуцьцё ахапіла ўсю ягоную істоту. Ён дрыжэў, вочы яго гарэлі, а ўласны голас здаўся чужым і незнаёмым, калі на ўсю залю загаварыў ён якраз у тую хвіліну, калі змоўклі дудкі і спыніліся расчырванелыя танцоры, выціраючы рукавамі і хусьцінкамі спатнелыя твары:

— Вы, хто сьмяецца і танчыць, калі лепшы з вас усіх канае ў цямніцы…

Разгубленае маўчаньне. Раптоўная цішыня.

Няжыла ўбачыў: твар Альгерда спалатнеў, вочы сталі вялікімі і бяздоннымі. Але яшчэ болей зьмяніўся твар Бурылы: ён зжаўцеў, як быццам уся жоўць стала вокамгненна выступаць з кожнай ягонай поры.

— Вы, хто ліе чалавечую кроў на драўляныя калені ідалаў…

Ён задыхнуўся словамі. Але трэба было закончыць думку, і нехта зноў крыкнуў ягоным голасам так, што ва ўсёй вялізнай залі не засталося ніводнага куточка, дзе б ён ні прагучаў:

— Ваш час мінае!!

Вялікі жрэц коўтаў паветра, быццам яго стала не хапаць. Зьмяніліся твары і ў іншых — зьбялеў кашталян Нарбут, мабыць, адразу скеміўшы, што адказваць за раптоўнае здарэньне давядзецца яму. Зьніякавелі князёўны. Скамянелі жрацы.

Першым апамятаўся Бурыла:

— Двойчы адступніку няма месца ў княжым палацы! Мы выпрасілі табе дараваньне, але сабака ўсё роўна наступіць на ўласны хвост!

Тады Альгерд выпрастаўся, велічны і грозны:

— У цямніцу яго, злачынцу!

І гэта быў канец. Але Няжыла не змаўкаў. Ён крычаў, пакуль яму не заплішчылі рот і ня вынесьлі, сьпяшаючыся, подбегам, з залі і ня ўдарылі па галаве так, што ён захлынуўся недагаворанымі словамі, і сьвядомасьць яго не пакацілася некуды ў халодную, неспазнаную бездань…

Ды там раптоўна чорная немата зьмянілася на іншае. Яго ахутала залатое, мяккае сьвятло, закалыхала, суцішыла боль і ўдары. Ён раставаў у гэтым неспазнаным сьвятле і пачуцьці ўсеабдымнасьці і шчасьця. Там, побач, адчуў ён любага брата, пачуў ягоны голас і яшчэ іншыя галасы. Усе яны супакойвалі і лашчылі яго, як мяккія, несказальна пяшчотныя дотыкі.