Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 90
Невядомы
Прыроднай самадастатковасцю, якая грунтуецца на актыўным сімбіёзе прыроднага і традыцыйна-культурнага, пры максімальнай адаптацыі апошняга да патрэб самакаштоўнага, па-своему свабоднага вясковага жыцця тлумачыцца і параўнальна нізкая сацыяльна-палітычная, сацыяльна-ідэалагічная актыўнасць беларускага сялянства часоў Вялікага Княства Літоўскага. Фенамен сялянскіх рэлігійных войнаў у Еўропе, які ў культуралагічным сэнсе значыць выйсце традыцыйна-вясковай прыроднасці за сваю мяжу, ейны пераход на бок апазіцыі культурнай праблематыкі, праблематыкі навацыйнай, цывілізацыйнай (хрысціянскай) — не быў уласцівы для тагачаснай беларускай (ліцвінскай) гісторыі. Не ў апошнюю чаргу гэта тлумачыцца моцным адаптацыйным, па-сутнасці псіхатэрапеўтычным механізмам беларускай традыцыйнай культуры. Жорсткая дыхатамія хрысціянства (культура) — паганства (антыкультура, прырода), якая была пастаўлена і вырашана на карысць першай частцы ў каталіцкіх краінах, у асноўным — у Расіі, часткова на Украіне — тутака была медыявана, знята сінтэзам, адаптацыяй хрысціянства да традыцыйнай языцкай культуры. Адсюль — індыферэнтнасць да ідэйных, ідэалагічных праблем навакольнай рэчаіснасці: што трэба, ужо адабрана, адсарбавана і пераведзена ў катэгорыю “свайго”, г.зн. вяскова-прыроднага; астатняе проста не патрэбна,— трагічная апазіцыйнасць не паспявае ўсталявацца, Танатасу застаецца збіраць рэшткі спаленых пудзіл Мары. Сімбіятычнай культурнай самадастатковасцю, вясковым групавым нарцысізмам тлумачыцца і адсутнасць, больш дакладна,— адсутнасць свядомага імкнення да прадпрымальніцтва, буржуазнасці, што ў дачыненні да беларусаў зрабілася агульным, энцыклапедычным месцам. Прадпрымальніцтва — гэта выйсце ў сферу пераўтваральнай культурнай гульні, інфернальных культурных прывідаў, незнаёмых і варожых, кантакт з якімі для міфалагічнага мыслення патрабуе цяжкіх намаганняў. Навошта новы космас, калі ёсць традыцыйны — з яго прадказальнымі міфалагічнымі істотамі, рызыкай і гульнямі? Прадпрымальніцтва тут — свядомы рэпрэсіўны мазахізм.