Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 88
Невядомы
чэрвень, 1998—кастрычнік, 1999 гг.
Эйдас — Рэпрэсаваная культура і гісторыя
Погляд на культуру як на інструмент рэпрэсіі, табуявання, перашкоду дабрачыннаму чалавечаму існаванню, чалавечай свабодзе мае ў еўрапейскай традыцыі даўнія карані. Антычныя кінікі, прадстаўнікі разнастайных сярэднявечных хрысціянскіх ерасяў, аскеты, манахі-францысканцы, Ж.-Ж.Русо, літаратары-рамантыкі (Наваліс, Тык), Ф.Шэлінг, Ф.Ніцшэ, О.Шпенглер, З.Фрэйд, навукоўцы франкфурцкай школы (Ю.Габермас, М.Хоркхаймэр, Т.Адорна, Э.Фром) — гэтыя і іншыя прадстаўнікі еўрапейскага інтэлектуалізму апалагізавалі прыроду як антытэзу культуры, крытыкавалі антыантрапалагізм апошняй, асабліва, калі культура перайшла ў фазу індустрыяльнай цывілізацыі. Нарастанне культурнага кантыніуму еўрапейскім грамадстве эпохі мадэрнізму разглядаецца шэрагам сучасных даследчыкаў як галоўная перадумова шматлікіх крызісных з’яў мадэрновага грамадства.
Беларусь апынулася ў сфэры транскультурнага мадэрновага і постмадэрновага экспансіянізму толькі ў апошняе дзесяцігоддзе, стаўшы адносна адкрытым грамадствам, і таму толькі ўваходзіць, па-сутнасці, у праблематыку сучаснай тэхнакратычнай цывілізацыі. Разам з тым, агляд папярэдняга гістарычнага шляху беларускай культуры ўпэўнівае ў тым, што адна з галоўных ягоных дамінантаў — супраціў разнастайным відам культурнага, цывілізацыйнага ўціску, рэпрэсіянізму. Магчыма, цяжкі, складаны лёс беларускага грамадства тлумачыцца паралельна з агульнавядомымі фактарамі — геапалітычным становішчам, менталітэтам — яшчэ і спецыфічным характарам культурнай (цывілізацыйнай) рэпрэсіўнасці на беларускіх землях.
Праблема культуры і рэпрэсіяў у дачыненні да беларускага дыскурсу будзе разглядацца ў кантэксце традыцыйных бінарных апазіцыяў, якія праяўляюцца ў залежнасці ад сітуацыйнага становішча, у сваіх дваістых — станоўчых і адмоўных — іпастасях. Першая фундамантальная апазіцыя міфалагічнага мыслення, традыцыйнай культуры наагул — прырода/культура. Тут прырода выступае, з аднаго боку, як увасабленне інстынктаў Яно, якія падаўляе, упарадкоўвае і сублімуе культура, а з іншага,— як эколага-культурны фенамен вясковага жыцця. Грунтоўная шпенглераўская апазіцыя сучаснага грамадства — культура/цывілізацыя, дзе культура выступае носьбітам індывідуальнага, творчага, духоўнага пачатку, а рэпрэсіўная цывілізацыя, увасабленнем якой з’яўляецца горад,— рэпрэзентантам масавага, схематычнага, рацыяналістычна-спажывецкага. Разам з тым, цывілізацыя можа выступаць і ў сваёй станоўчай іпастасі — як гарант тэхналагічнага прагрэсу, урбанізму, высокіх параметраў узроўню жыцця. Праблема культурнай рэпрэсіі будзе разглядацца ў анталагізаваным, канцэптуальным аспекце.
Характэрнай з’явай старабеларускай культуры, менталітэту была адсутнасць дыхатамічнай напружанасці ў фундаментальнай апазіцыі прырода/культура, нондэфармацыйная мадэль усталявання соцыянарматыўных культурных рэцыпіентаў, пазітыўны погляд на гэтую культурную функцыю. У традыцыйнай, вясковай культуры гэта тлумачыцца адносна высокай ступенню індывідуальнай варыябельнасці паводзінаў. У першую чаргу гэта тычыцца такой акцэнтавана табуіраванай сферы, як сексуальныя адносіны. Табуіраванне інцэсту, пастуляванне манагамнага шлюбу, адмоўнае стаўленне да пазашлюбных адносінаў спалучалася з рытуальнай эротыкай падчас Купалля, вольнымі паводзінамі на калядках, вячорках, наяўнасцю шматлікіх міфолага-сімвалічных абрадава-рытуальных эратычых знакаў, сімвалаў, рытуалаў, артэфактаў, якія сублімавалі, замяшчалі шырокі спектр табуіраваных сексуальных імкненняў. Да апошніх належаць, напрыклад, фальклор інцэстуальнага зместу (казка “Аб брату, што сястру за жонку ўзяў”, балада “Брат сватаецца да сястры”), паліандрыя (казкі з сюжэтамі пра братоў, што жывуць з сястрой, сватаўство да каралеўскай дачкі адразу дванаццаці кавалераў), палігінія (некалькі жонак (наложніц) марскога цара, змея), трансвестызм (абрадавыя постаці Ярылы, Лады, Купалы, трансвестычнае пераапрананне ў гульнях — “Ксціны”, “Бычка пасьвіць”; трансвестызм з відавочнай сексуальнай афарбоўкай — гульня “Мар’юшка”). Эратычную накіраванасць меў вялікі пласт традыцыйнай духоўнай культуры — абрады, рытуалы (асабліва вясельныя — звязаныя з слупом каля печы, караваем, інш.), гульні (“Жаніцьба Цярэшкі” — імітацыя шлюбу, “Зязюля”, “Сусед”, інш.), любоўныя магія, замовы, варажба, песенная лірыка; асобна вылучаецца прадстаўнічы пласт эратычнага фальклору (прыпеўкі, загадкі), у якім прысутнічае ненарматыўная лексіка. Апошні артэфакт, таксама, як і падкрэслена нонканфармісцка-эратычны, карнавальны па сваёй сутнасці рытуал пахавання старога Ярылы, з’яўляюцца правакацыйнай маніфестацыяй антырэпрэсіўнай патэнцыі прыроды — лібідыёзнай энергіі, скіраванай супраць жорсткай соцыянарматыўнай этыкі культуры. Сексуальныя сімвалы, знакі — ад уласна культавых прадметаў (каменныя фаласападобныя ідалы, невялічкія драўляныя “дамавікі”, вясельны каравай, лялька старога Ярылы) да будзённых, бытавых (слуп пры печцы, таўкач, нож, каса, ігла з ніткай, дзяжа, ступка, інш.) і прыродных (агонь, вада, косці кажана, жабы) — пастаянна прысутнічалі вакол чалавека традыцыйнай культуры ў сваім семантычным адценні і выводзілі, акумулявалі сваёй асэнсаванай знакавай прысутнасцю залішкі лібідыёзнасці, выконваючы па-сутнасці, псіхатэрапеўтычную функцыю. Зніжэнню лібідыёзнага напружання спрыяла і адносна вольнае становішча жанчыны ў беларускай традыцыйнай сям’і, адсутнасць жорстка-дамастроеўскай рэгламентацыі ейных паводзінаў: жанчына мела права на пасаг, старшынства ў сям’і пасля смерці мужа, патрабаванне скасавання шлюбу. Разам з тым прыцягвае ўвагу прысутнасць у беларускім фальклоры значнай колькасці песен з сюжэтам пра імкненне жонкі пазбавіцца ад мужа часта праз ягоную смерць, забойства, што можа інтэрпрэтавацца як праява падсвядомых імкненняў, рэакцыя на маскулінна-рэпрэсіўны характар сямейнага побыту. Паміж іншага, з’яўленне і грамадская рэпрэзентацыя гэтых артэфактаў сведчаць хутчэй аб адваротным: слабасці патрыярхальных традыцый — узняць руку на мужа ў патрыярхальным грамадстве — смяротнае злачынства (Клітэмнестра, забіўшая мужа Агамемнана і прыняўшая за гэта смерць ад сына Арэста), усведамленні беларускай жанчынай паняццяў асабістай свабоды і годнасці (наложніцы ці рабыні ў галаву не прыйдзе ўзняць руку на гаспадара), а таксама своеасаблівым брававанні сваімі магчымасцямі. Фальклор — гэта не міф з ягоным прыматам выцесненых інстынктаў і жаданняў: для першага галоўнае — рэпрэзентацыйнасць, маніфестацыя, акцэнтацыя відавочнага. Скаргі беларускай сялянкі — не на сваё прыніжанае становішча, а на небараку (зазвычай п’яніцу) мужа.