Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 91
Невядомы
Спецыфічным стаўленнем да “знешняй” культуры тлумачацца і праявы калектыўнага падсвядомага беларускіх сялян — архетыпы, што знайшлі адлюстраванне ў фальклоры, міфалогіі. Пры наяўнасці комплексу асноўных метакультурных архетыпаў — святарнага старога, духу, маці, Коры, інш. — кідаецца ў вочы адсутнасць архетыпнага ўвасаблення палітычных лідэраў (акрамя Вітаўта — мудрага старога). Архетып выконвае ролю масавага, калектыўнага псіхатэрапеўта. У крытычныя перыяды гісторыі ён узнімаецца з падсвядомасці народу, увасабляючыся ў вобразы лідэраў, такіх, як, згодна К.Юнгу, Бісмарк, Гітлер (архетып старажытнагерманскага бога Вотана). Можна з дастатковай упэўненасцю сцвярджаць, што ў рускіх — гэта архетып Чынгіс-хана (Іван Жахлівы, Пётр I, Ленін, Сталін). Што да беларусаў, дык, акрамя вышэй згаданага архетыпу, які падыходзіць у большай ступені да першапродка, духу, бога, у традыцыйнай свядомасці не выкрышталізавалася архетыпная акумулятыўна-лідэрская постаць. Гэта тлумачыцца ізноў-такі незаангажаванасцю “народнай” свядомасці знешне-культурнымі праблемамі і — галоўнае — адсутнасцю патрэбы ў падтычнай, вонкавай асобе для вырашэння псіхалагічных канфліктаў, якія знаходзяцца па-за межамі культурна-палітычнага дыскурсу.
Прынцыпова іншым (можа, у гэтым і вытокі трагічнага разрыву беларускай культуры па класавай прыкмеце) было стаўленне да культуры прадстаўнікоў феадалаў, гараджан, царквы. У старабеларускай культуры істотна не выражана ідыялагема прынцыповага адмаўлення культуры, культурнай эрудыцыі, як гэта было ў рускім праваслаўі, еўрапейскіх ерасях. Класічная еўрапейская, антычная адукаванасць Кірылы Смаляціча, асветніцка-хрысціянская дзейнасць Ефрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, які ў сваіх творах паспрабаваў злучыць паганскія элементы (прыроду) з хрысціянскімі (культурай),— усе яны закладалі падмурак парадыгмы апалогіі культуры, культурных навацый, культурнай мадэрнасці. З цягам часу на беларускіх землях у кантэксце еўрапейскай гуманітарнай традыцыі з’явілася праблема культуры як самадастатковай дадзенасці, утварыліся пачаткі культуралагічнага мыслення. Так, Андрэй Волян у выданай у 1608 г. працы “Аб валадары і яго асабістых дабрачыннасцях” пісаў аб тым, што чалавечыя дабрачыннасці належаць, у першую чаргу, да культуры і поўнай гуманізацыі чалавечага розуму; людзі, узброеныя ведамі, дакладна вывучаюць складанае мноства дабрачыннасцяў, каб вывесці іншых з жывёльнага стану на шлях цывілізацыі. У гэтым знакавым тэксце пастулююцца асноўныя культуралагічныя канцэпты: самакаштоўная, выключная роля культуры, гуманістыкі як асноўных перадумоў дабрадзейнасці; адрозненне паняццяў культуры як духоўнага працэсу — прывілея для параўнальна невялікай колькасці людзей-правадыроў — і цывілізацыі (як можна меркаваць, гэта — агульнапрынятая сістэма грамадскага ўладкавання, жыццязабеспячэння); уяўленне аб “прыродзе” як аб жывёльным існаванні, рэзкае проціпастаўленне яе цывілізацыі і культуры. Вялікая роля надаецца ў культурнай дзейнасці ўпарадкаванай знакава-сімвалічнай сістэме — адной з фундаментальных дэфініцый культуры. Так, Лаўрэнці Зізаній піша, што граматыка — ключ “отворяючи всем ум”, праз яе “риторика и словесница вкупе чесной философии чрез естественном богословии оказуется союз, без которого порядне речи не справит”. Ідэя аб артэфактычным сімвале культуры — кнізе — як увасабленні свету, космасу маніфестуецца С.Полацкім у творах “Кніга”, “Свет ёсць кніга”: “Мир сей преукрашенный, книга есть велика”, прычым, кніга-космас утрымлівае перш-наперш прыродныя “листы”: неба, агонь, ваду, і толькі ў канцы — зямлю “с писменами”. Гэта апалагетычна-культурнае асэнсаванне космасу як кнігі папярэднічае сінанімічнаму разуменню кнігі, бібліятэкі Х.Л.Борхесам, У.Эка, аднак ягоны знакавы кансенсус, унітарызм — натурфіласофскі, нават нечалавечы, боскі, дзе ўсе знакі навакольнага свету — вада, агонь, нашы пісьмёны — аркушы аднаго, толькі Тварцу зразумелага тэксту. Культавы помнік беларускага інтэлектуалізму, менталітэту — Статут 1588 г. — з’яўляецца маніфестацыяй згоды з сістэматворчай, мяккай, усеабдымнай культурнай рэпрэсіўнасцю, той, дзе няма месца інстынктыўна-біялагічнаму праізволу надзеленых уладай вялікіх і малых валадароў.