Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 89

Невядомы

Асноўны інструмент сацыянарматыўнай рэпрэсіўнасці вясковага насельніцтва — грамада, абшчына з ейным жорсткім грамадскім дыктатам. Пасля правядзення зямельнай рэформы 1557 г. — так званай валочнай памеры — абшчына ў заходніх і цэнтральных раёнах Беларусі — там, дзе рэформа ажыццявілася ў дастаткова поўным аб’ёме — паступова страціла сваю гаспадарчую функцыю, што не магло не адбіцца і на яе соцыянарматыўнай ролі. Распад вялікіх сем’яў і ўтварэнне малых, якія ў сярэдзіне 19 ст. складалі, па дадзеных этнографаў, прыблізна палову ад агульнай колькасці, пашырэнне дыяпазону варыябельнасці індывідуальных паводзінаў, развіццё індывідуалізму — усё гэта выгодна адрознівала беларускага селяніна. Вядомы этнограф П.Шэйн, апісваючы сялян Віцебскага ўезду ў канцы 19—пачатку 20 ст., адзначаў: “Калі і была калі-небудзь у нас абшчына, дык сляды яе, прынамсі ў Віцебскай губерніі, зусім згубіліся. Ніколі беларусы нічога не робяць разам”. А індывідуалізм, як вядома, галоўны паратунак ад рэпрэсіўных стэрэатыпаў.