Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 7

Невядомы

Вызваленае ад забароны быць, беларускае мысленне шукала сабе падставы абазнацца ўсюды, дзе для гэтага ўяўлялася хоць якая магчымасць. Зразумела, тут няма як спыняцца на ўсіх разнастайных і шматаблічных праявах гэтага працэсу. Таму далей вылучу адно тое, што на мой, падкрэслю, суб’ектыўны погляд, адыграла найбольш значную ролю ў паўставанні сучаснага інтэлектуальнага руху ці то з прычыны яго эўрыстычнай важкасці, ці то з прычыны яго інавацыйнай адметнасці.

Ужо ж напэўна будзе справядліва паперадзе ўсяго згадаць газету “Наша Ніва”.

Легендарны для беларускай культуры праект, які на самым пачатку прамінулага ўжо стагоддзя адыграў надзвычай істотную ролю ў фармаванні нацыі, быў адноўлены Сяргеем Дубаўцом у 1991 годзе. Трэба прызнаць, што адноўленая “Наша Ніва” не выяўляла асаблівай цікавасці да ўласна філасофіі, але культуралагічна яна цалкам ладзілася ў фармаце сучаснага еўрапейскага мыслення, і таму яе роля ў яго разгортванні на беларускіх абсягах — выключная.

Для той першапачатковай пары вельмі карыснай і заўважнай была дзейнасць штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”, асабліва з узгляду на яго колькігадовую рубрыку “Ідэальная Беларусь”. Шэраг артыкулаў і гутарак, якія ў межах гэтай рубрыкі арганізоўваў і ствараў Юрась Залоска, шмат чаго дадалі да асэнсавання Беларусі як культуралагічнай, так і філасофскай праблемы.

Адметнай падзеяй у працэсе разгортвання інтэлектуальнага дыскурсу сталася з’яўленне суполкі “Крыўе” і выпуск “крывамі” некалькіх альманахаў (“Vieda”, “Крыўе”). Інтэлектуальным лідэрам “крываў” быў (і застаецца) Сяргей Санька, філосаф са строгім і дакладным ладам мыслення, што адбівалася і на падборы тэкстаў для альманахаў, і на выбары тэм канферэнцыяў, якія ладзіліся гэтай суполкай.

Бадай, будзе зусім не лішнім уключыць у заяўлены кантэкст цяпер ужо не існуючы часопіс “Унія”(галоўны рэдактар — Ірына Дубянецкая). Рэлігійны па змесце, гэты першы незалежны беларускі часопіс перадусім выяўляў прагу актуалізацыі сучаснага беларускага мыслення.

Важкую ролю у акрэсленай тут рэтраспектыве адыграў штотыднёвік “Культура” (год стварэння, як і ў “Нашай Нівы” — 1991), дзе сiстэматычна друкавалiся тэксты замежных i айчынных мысляроў, як i пазней узнiклы ў якасцi дадатку да штотыднёвіка лiтаратурна-фiласофскi сшытак “ЗНО” (адказны за выпуск — Валянцін Акудовіч). Звернем увагу і на тое, што “ЗНО” было першым перыядычным выданнем на Беларусi, якое публічна дэкларавала сябе як уласна фiласофскае.