Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 6

Невядомы

Зрэшты, няма нiчога дзiўнага, што ў значэннi прыярытэтаў для новага беларускага мыслення засталася еўрапейская кантынентальная фiласофiя, бо i прасторава, i ментальна мы ўлучаны ў еўрапейскую iнтэлектуальную iмперыю. Але паколькi гэтая iмперыя надзвычай разнастайная i практычна неабсяжная, то нашы першыя iнтэлектуальныя iнiцыятывы, разбэрсаныя гэтай разнастайнасцю па неабсяжнасцi, верагодна, на доўгi час згубiлiся б не толькi ад iншых, але i ад нас самiх. Згубiлiся б, каб... Каб у нас не было Беларусi як інтэлектуальнай праблемы, ад рэфлексіяў над якой не змаглi ўхiлiцца нi “метафiзiкi, нi “экзiстэнцыялiсты”, нi “антраполагi”, нi “структуралiсты”, нi “герменеўтыкi”, нi “фундаменталісты”... Незалежна ад сваiх прыхiльнасцяў да тых цi iншых канцэптаў еўрапейскага мыслення, усе тагачасныя беларускiя iнтэлектуалы былi заангажаваны праблемай асэнсавання Беларусi як суб’екту гiсторыi, геапалiтыкi, метафізікі. I гэта зразумела, бо, не акрэслiўшы поля сваёй прысутнасцi ў быццi, немагчыма выходзiць на асэнсаванне самога быцця.

Беларусь як iнтэлектуальная праблема не толькi аб’яднала ўсiх, хто меў схiльнасць да крытычнай аналітыкі і адцягненага рэфлексавання ў іх сучасных параметрах, яна яшчэ i ўзяла на сябе ролю лабараторыi, эксперыментальнага цэху, палiгону, дзе беларускае мысленне, у значэннi ўжо ўласна беларускага напрацоўвала прыдатныя для сваiх патрэб тэрмiналагiчныя сiстэмы, выпрацоўвала лагiчныя канструкты, намацвала актуальныя для сябе універсальныя iдэi,— адным словам, асэнсоўваючы Беларусь у якасцi суб’екту еўрапейскай гiсторыi і ўласнай метафізікі бытнага, беларускае мысленне гадавала i нарошчвала свае iнтэлектуальныя цяглiцы.

Працэс асэнсавання Беларусі як інтэлектуальнай праблемы не перапыніўся да сёння. Але цяпер гэта ўжо не надта добра відно. Бо жыццядайны на пачатку, ён, з прычыны сваёй татальнасці, пакрысе пачаў ператварацца ў пастку для беларускага мыслення, якое пакуль не здольнае вырвацца з ягонай усё яшчэ актуальнасці ў іншыя рэфлексійна-інтэлектуальныя абсягі. На гэтым і палягае першы крызіс у сучаснай беларускай філасофіі, удзельнікамі ды сведкамі якога мы з вамі з’яўляемся...

ПРАЕКТЫ ЭПОХІ

Гэты раздзел мае назву “праекты эпохі”, аднак пры жаданні пагуляцца ў словы яго можна был б назваць і “эпахальныя праекты”, хаця на старонні погляд нічога не выдае на манументальнасць у тых інстытуцыях, суполках, часопісах, публікацыях, пра якія далей будзе весціся гаворка. Што і натуральна, бо на пачатку кожнай істотнай і перспектыўнай справы звычайна палягаюць не вельмі кідкія учынкі ды падзеі, але менавіта яны стаюцца прычынай таго, што некалі потым зможа выразніцца ва ўсёй сваёй значнасці. І з гэтага іхнюю ролю будзе справядліва ацэньваць паўставаннем усёй з’явы як цэлага.

Адным з першых праектаў у нашым пераліку мусіць быць названы Скарынаўскі цэнтар, які вылучыў з амаль цалкам зрусіфікаванай Акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, каб сабраць і задзіночыць раскіданых паасобку нацыянальна заангажаваных інтэлектуалаў дзеля супольнай працы. Менавіта ў дзейнасці Скарынаўскага цэнтра на пачатку дзевяностых гадоў акрэсліўся “базавы корпус” персаналіяў (Уладзімір Конан, Алесь Анціпенка, Ігар Бабкоў, Алег Бембель, Мікола Матрунчык, Віталь Зайка, Захар Шыбека, Алесь Жлутка, іншыя), з якімі я схільны звязваць тое, што можна было б назваць першай хваляй новага беларускага інтэлектуалізму, што выявілася ў формах філасофіі і культуралогіі. Гэты знешне як быццам фармальны крок стаўся надзвычай істотным у сваёй сутнасці, бо сабраны пад адным дахам ладны хаўрус таленавітых асобаў увідавочніў і для іх саміх, і для ўсяго грамадства сапраўдны патэнцыял беларускага мыслярства.