Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 8

Невядомы

Значнае месца ў разгортванні мысліўнага дыскурсу належыць часопісу “Крыніца” (галоўны рэдактар Уладзімір Някляеў), які ў 1994 годзе быў перарэфармаваны з літаратурнага ў культуралагічны. Перастварэнне часопiсу “Крынiца” засведчыла, што першапачатковы этап назапашвання культура¬лагiчных iнiцыятываў збольшага завяршыўся i нашае мысленне ўжо абапiраецца не на абы які інтэлектуальны грунт.

Вельмі важкай структурнай падзеяй, якая кардынальна перамянiла культуралагiчны ландшафт Беларусi, было выданне кнiг серыi “Адкрытае грамадства”. Каардынатар гэтага праекту філосаф Алесь Анцiпенка змог за вельмi кароткi час наладзiць эфектыўную перакладчыцкую i выдавецкую дзейнасць, у вынiку чаго мы досыць хутка займелі ладны стос капiтальных выданняў на беларускай мове па фiласофii, культуралогii, гiсторыi, палiталогii, сацыялогii, псiхалогii і да т.п.

Ніяк не выпадае абмінуць яшчэ адну персанальную ініцыятыву, завадатарам якой стаўся Юры Гарбіньскі. У яго атрымалася праз Польскую Акадэмію навук выдаць унікальную анталогію: “Беларуская думка ХХ стагоддзя” (Варшава, 1998 г.), у якой сабраны найбольш адметныя беларускія тэксты гэтага перыяду з абсягаў філасофіі, рэлігіі ды культуры.

Ну i, бадай, пра найбольш істотны праект у гэтым залiшне сцiплым — як па значнасцi ўсёй падзеi ў цэлым, — пералiку, а менавiта пра філасофскі часопiс “Фрагменты” (галоўны рэдактар Iгар Бабкоў). Гэтае выданне ўяўляе зь сябе сабой вяршыню той фiласофска-культуралагiчнай хай яшчэ не пiрамiды, а толькi “пiрамiдкi”, што ад пачатку дзевяностых спакваля складвалася цягам дзесяцi з лішкам гадоў, i ўрэшце склалася у нешта першапачаткова завершанае, як бы цэлае.

А далей яшчэ колькі словаў пра ініцыятывы апошняга часу, дзе значную ролю адыгрывае ўжо наступная генерацыя беларускіх інтэлектуалаў, якая, у пэўным сэнсе, сама з сябе дэманструе плён стваральнай працы сваіх папярэднікаў. Найперш тут згадваюцца часопісы “Nihil”, “Архэ”, “Скарына”, “Партызан”, “Зямля Н”, “Паміж”... І хаця ніводзін з іх (акрамя апошняга) не з’яўляецца ўласна філасофскім, але кожны ў асобных тэкстах дэманструе сваё памкненне да тых ці іншых фрагментаў філасофскай веды. А вось часопіс “Паміж”, які робіцца студэнтамі і выкладчыкамі аддзялення філасофіі і літаратуры Беларускага Калегіума, натуральна ініцыюецца мысленнем як такім.

З усяго папярэдне сказанага відавочніцца, што сучаснае беларускае мысленне паўставала і разгортвалася на старонках розных літаратурна-мастацкіх альбо культурніцкіх выданняў, у прасторы супольных хаўрусаў ці прыватных ініцыятываў – дзе заўгодна, але толькі не на тэрыторыі легітымна вызначаных для гэткага роду дзейнасці прафесійных інстытуцыяў (пад апошнімі разумеюцца Інстытут філасофіі Акадэміі навук, філасофскі факультэт БДУ, кафедры і аддзяленні культуралогіі і гуманістыкі ўвогуле шматлікіх беларускіх ВНУ). Што і казаць, сітуацыя цалкам не натуральная. Таму напрыканцы гэтага раздзелу варта звярнуць ўвагу на падзею фармальна зусім не адметную, але якая, хацелася б верыць, сведчыць пра магчымасць пералому гэтай цалкам ненатуральнай сітуацыі. А менавіта пра семінар Уладзіміра Абушэнкі ды Ігара Бабкова (“Беларускае мысленне: генеалогія, кантэкст, перспектыва.”), які ўжо два гады ладзіцца ў Інстытуце філасофіі Акадэміі навук з удзелам прафесійных філосафаў з дзяржаўных інстытуцыяў...