Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 5

Невядомы

Дзеля ўвідавочання тэзы пра “забарону” згадаю ўсяго адзін факт. За семдзесят год камуністычнага панавання на Беларусі па-беларуску, лічы, нічога не было выдадзена з класікі сусветнага і еўрапейскага мыслення. І гэта пры тым, што ва ўсю тую пару існавалі магутныя выдавецтвы, якія друкавалі даволі замежнай літаратуры самага рознага кшталту. Тое самае адбывалася і ў прасторы шматлікіх часопісаў, альманахаў, газет... — татальнае табу на хоць якія праявы мыслення — як айчыннага, гэтак і замежнага мыслярства.

ЭПОХА “БУРЫ І НАЦІСКУ”

Адным словам, у ХХ ст. нам было забаронена мыслiць... ад пачатку дваццатых аж да канца васьмідзесятых, да “перабудовы”, калi ўсе забароны неўпрыкмет спарахнелi, а дазволу, каб нават па звычцы закарцела, не было ў каго запытацца.

У гэтым бязладдзi i пачалося сучаснае беларускае мысленне — натуральна, бязладна, але iнтэнсiўна. Невыразныя спробы неяк яго згарманiзаваць, намацаць яму грунт пад пачатак стаяння i адтуль накрэслiць вектар руху наперад нiякага плёну не мелi. Адноўленыя для ўжытку тэксты Абдзiраловiча, Сулiмы, Цвiкевiча ды iншых пацешылi сэрцы адэптаў нацыянальнага адраджэння, але па сутнасцi засталiся незапатра¬баванымi iнтэлектуальным рухам...

Тут нам давядзецца зрабiць невялiчкае адступленне. І вось з якой нагоды. Калi мы кажам, што традыцыя беларускага мыслення была перапынена бальшавiкамi, што бальшавiкi на дзесяцiгоддзi i дзесяцiгоддзi забаранiлi беларусам мыслiць, i гэтая забарона трымалася аж да канца васьмiдзесятых, то трэба не забывацца i на выключэннi, на тых, хто спрабаваў хоць на крок-другi перарушыць мяжу забароны. Да такiх выключэнняў мы ўжо напэўна можам залiчыць патрыярхаў беларускай фiласофii Уладзiмiра Конана i Мiкалая Крукоўскага... Дык вось, якраз яны, дактары філасофскіх навукаў Уладзiмiр Конан i Мiкалай Крукоўскi, былi тымi, хто сваёй творчасцю рэальна звязваў мiж сабой беларускае мысленне першай i апошняй чвэрцяў ХХ стагоддзя. Але цi гэты звяз быў не вельмi трывалым, цi надта ўжо рознiлiся iнтэлектуальныя сiтуацыi пачатку i канца стагоддзя, толькi новае беларускае мысленне ў сваiх спробах намацаць самое сябе абапiралася не на “штрыхавую” традыцыю Абдзiраловiч — Сулiма — Конан — Крукоўскi, а на ўсё што заўгодна iншае: на дзэн-будызм i Рэрыха, Барта i Данiлеўскага, Фрэйда i Дэрыда, Нiцшэ i Бярдзяева, Хайдэгера i Бахцiна, Дэкарта i ...

Аднак досыць хутка ў гэтай мяшанцы-боўтанцы пачалi вырознiвацца прыярытэты. Першым сцёк з сыроваткай расiйскi месiянiзм – ці не адзiная аўтэнтычная i жывая фiласафема расейскага мыслення. З прычыны яго абсалютнай непрыдатнасцi рацыянальнай беларускай ментальнасцi. Разам з месiянiзмам апынулася ў незапатрабаванасцi i ўся астатняя расейская фiласофiя. Не змаглi замацавацца на Беларусi (натуральна, я маю на ўвазе нацыянальны дыскурс) i шматлiкiя фiласафемы Усходу, хаця iх уплыў выявiўся нават больш выразна, чым уплыў расейскай гiстарыясофii i расейскага мiстыцызму. Падобна, што асаблiва не завабiў беларускiх iнтэлектуалаў паўночнаамерыканскi прагматызм i брытанскi (астраўны) пазiтывiзм (праўда, уплыў апошняга выявiўся ў метадалагiчных спрэчках нашых “новых” гiсторыкаў)...