Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 69

Невядомы

Калі я хацеў быў пачаць пярэчыць, мой знаёмец спыніў мяне:

— Пачакай. Не трэба пустых і непатрэбных спрэчак. Такія меры — не дыскусійныя, яны альбо прымаюцца, альбо не прымаюцца. Як адкрыты масаж сэрца…

Абсурдная думка. Толькі я не ведаю прычыны яе абсурднасці. Альбо гэта мая рацыянальная свядомасць вызначае яе ірацыяналізм, альбо адносна маёй абсурдызаванай свядомасці яна, рацыянальная, здаецца абсурднай…)

Але ж пры нашай нерашучасці… Мне здаецца, што ў такіх варунках, як нашы, летувісы, напрыклад, вярнулі б дарэформенны правапіс ужо на другі дзень перабудовы. Проста явачным парадкам газеты і часопісы сталі б выходзіць паводле Тарашкевіча, а не паводле Галадзеда і Кандыбовіча.

Вялікая справа таксама — удасканаленне лексікі. З аднаго боку, мова зусім не урбанізаваная, з другога — спрэс пашкоджаная той самай падменай паняццяў. І ўсё таго ж не стае — адпаведнасці.

ПАДМЕНА ПАНЯЦЦЯЎ выявілася і ў шэрагу тых “стандартных рэчаў” — апорных пунктаў нацыянальнай свядомасці, з якіх уласна і пачынаецца нацыя. (Памятаеце — “С чего начинается родина? С картинки в твоём букваре”, альбо — “Кім ты естэсь?”). Гэта беларуская сімволіка і беларускія грошы. Гэта і сталіца — цэнтр нацыі і яе рэліквія.

У нас (у кулуарах) неяк стыхійна сфарміраваўся стэрэатып чатырох беларускіх сталіц — Полацак, Наваградак, Вільня, Менск. Гэта справядліва, бо толькі ў такой суме мы і атрымліваем поўны вобраз беларускае сталіцы. Але ў справе фармавання нацыянальнай свядомасці найбольшая вага тут была, ёсць і яшчэ доўга будзе ў Вільні.

Скажаш каму пра Скарыну, Каліноўскага, нашаніўцаў, заходнебеларускіх адраджэнцаў, а ў адказ пытанне: “А что они там, в Вильнюсе, делали?”

Сапраўды, што? І пры чым тут мы з нашым Адраджэннем?

Шлях любога дзеяча, любога мастацкага, літаратурнага кірунку, навукі, ды ўсяго беларускага ўвогуле спрадвеку і да пачатку ХХ ст. пралягаў праз Вільню. Мяжа БССР тут сталася нажом гільяціны, які апусціўся на шыю нацыі. І адчужэнне Вільні сёння — гэта адчужэнне і амаль усяе беларушчыны. Без усведамлення беларусамі гэтага гораду як свайго наша нацыянальнае Адраджэнне вельмі праблематычнае. Маральна мы тады — на пустым месцы. Мы можам так і застацца прэтэндэнтамі на эфемерную Старую Беларусь, а не праваднікамі магутнай нацыянальнай традыцыі.

Наш рацыянальны ўрад высунуў прэтэнзіі на Вільнюс. Між тым, нашаму рацыянальнаму ўраду яшчэ ўчора трэба было падбаць пра рэальную дапамогу віленскім беларускім асяродкам, пра беларускія школы для тысяч віленскіх беларусаў, якія апынуліся цяпер у недарэчным становішчы часткі няіснага савецкага народу і натоўпамі ходзяць у “інтэрах” ці “паляках”, а галоўнае — падбаць пра даступнасць Вільні для Беларусі пры ўсіх магчымых межах і мытнях на іх.