Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 43

Невядомы

Падабенства такой тэрміналагічнай раскладкі можна знайсці ў славутага расейскага славянафіла Хамякова. Этнічная свядомасць, паводле Хамякова, народна-асноўная (ад слова аснова — грунт), а нацыянальная свядомасць — народна-гістарычная. Свядомасць народна-асноўная імпліцытна прысутнічае ў любога свядомага інтэлігента, але галоўнае месца яе захавання — народная культура і традыцыя. Свядомасць народна-гістарычная пашыраецца шляхам Асветы (Асвета тут як шырокі культуралагічны панятак эпохі Асветніцтва, якая развівалася сумесна ці ўслед за класіцызмам ХVIII ст.) у выніку актыўнай дзейнасці свядомай інтэлігенцыі. Пётр І быў ля вытокаў расейскай народна-гістарычнай свядомасці, але асвета праводзілася так, што яна спыніла развіццё рэлігійнай свядомасці, а вера якраз і з’яўляецца сэрцам свядомасці народна-ас­ноў­най. Гэткае адцясненне на задні план свядомасці народна-асноўнай прывяло да таго, што свядомасць народна-гістарычная стала дамінантнай у Расейскім грамадстве, гэта парушыла раўнавагу натуральнага розвітку этнічнай свядомасці. Урэшце “вялікія” дэкабрысты праз Герцана і Чарнышэўскага (памятаеце, “дужа далёка яны ад народу...”) значна дэфармавалі свядомасць вялікарасейца, прышчапіўшы ёй значную дозу “агульначалавечага”, але спыніўшы ўсялякую падтрымку розвітку народна-асноўнаму, этнічнаму.

АБ УСТАНОЎКАХ СВЯДОМАСЦІ

Любая прэтэнзія на пабудову тыпалогіі культуры выглядае авантурна. Гэта нагадвае пошукі дакладнага значэння ірацыянальнага ліку. Культура не падпадае пад канчатковую тыпалогію — і з гэтым трэба згадзіцца, як пагадзіліся натуразнаўцы не разглядаць сур’ёзна праектаў “perpetum mobile”. Можа існаваць толькі ўмоўная мадэль культуры, у залежнасці ад абранага культуролагам пункту адліку. Гэтая мадэль будзе выконваць ідэйныя ды ілюстрацыйныя функцыі ў ягоных разважаннях.

Прапанаваная схема дазваляе разгледзець розныя варыянты культур, у залежнасці ад таго, як ідзе працэс узаемадзеяння абраных намі парадыгмаў.

Прастора і час, як мы адзначалі,— гэта тыя трансцэндэнталіі, што ніяк не вызначаюць тыпу культуры, калі іх разглядаць у скруткавым, неразгорнутым стане. Гэта ўніверсаліі, якія вызначаюць толькі адметнасць чалавечага досведу. Але першыя ўжо акцыдэнцыі гэтых падставовых катэгорыяў выяўляюць правобразы будучых культур. Формай актуалізацыі прасторы і часу вызначаецца прататып культуры. На гэта выразна ўказвае Поль Рыкёр, калі піша пра формы часалічэння. З яго разважанняў вынікае, што ад таго, у якую хранасофскую мадэль упісаны той альбо іншы народ, залежыць і міфалагічнае светабачанне гэтага народу. Яшчэ больш выразна гэтая ідэя праглядаецца ў каляндарным цыкле. Каляндарны, дагістарычны, “звышчалавечы” час быў своеасаблівым рэгулятарам суадноснасці чалавека — народу — Космасу. Каляндар задаваў чалавеку пэўны тып паводзінаў, фармаваў яго жыццёвы лад. Апрача таго (і, мажліва, гэта самае галоўнае!), каляндар акумулёўваў досвед чалавека ў залежнасці ад:

а) геаграфічнага становішча пэўнага народу;