Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 41

Невядомы

Па-рознаму можна адказаць на гэтае пытанне. У сваёй мадэлі ўзнікнення культуры я карыстаюся схемай, якая была прапанавана культуролагам Л.Карпавым у часопісе “Viker­kaar”. Культура ў яго — гэта не “частка грамадства”, існуючая ў выглядзе мастацтва і ягоных твораў, а гэта сродак быцця і дзейнасці людзей... гэта несупынная вытворчасць сэнсаў, якія забяспечваюць разуменне свету чалавекам. І таму самае галоўнае для грамадства — гэта не парушыць, не зламаць механізм нараджэння сэнсаў (што, дарэчы, здарылася ў Расеі з кастрычніка 1917 г.). Прастора і час — гэта стыхіі, якія задаюць формы чалавечага светаўспрымання, з’яўляцца непасрэдна сэнсаўтваральнымі формамі яны не могуць. Сэнсы ўтвараюцца толькі пры апасродкаванасці свядомасці.

Насуперак усталяванай у савецкім грамадазнаўстве думцы аб свядомасці як нібыта “больш якаснай” форме матэрыі, прыйшоў час вызначыць гэты панятак больш дакладна, для пачатку надаўшы свядомасці яе праўдзівы фундаментальны, анталагічны статус, пайменна разумеючы пад ёю тое, што яна вызначае, а не толькі пасіўна люструе.

Наступны крок у вызначэнні свядомасці такі: свядомасць функцыянуе толькі пры наяўнасці пэўнай парадыгмы. І чым больш глыбінную столку свядомасці мы разглядаем, тым болей апошняя набліжаецца да анталагічнай стыхіі жыцця. Вытлумачым спачатку змест этнічнай свядомасці, дамовіўшыся, што гаворка вядзецца не пра суб’ектную свядомасць, а пра інтэрсуб’ектную. Парадыгмаю этнічнай свядомасці, на маю думку, з’яўляецца міф. Прычым, мушу зноў азначыць: міф не як моўны апавядальны тэкст (г.зн. у сваім сінтагматычным значэнні), а міф як сістэма светаўяўленняў — як мадэль сусвету (г.зн. міф у сваім парадыгмальным плане). У гэтым сэнсе міф выступае як асобны тып мыслення, які папярэднічае гістарычнаму і аднаўляецца ці, дакладней, эксплікуецца на падставе дадзеных этнаграфіі, археалогіі, лінгвістыкі, псіхалогіі і іншых навук. Для рэканструкцыі міфалагічнай карціны свету асабліва істотнымі з’яўляюцца падсвядомыя праявы архетыповых уяўленняў у мове, у прынцыпах сацыяльнай арганізацыі жыцця, мастацкай творчасці (гл.: К.Байбурын. Свод этнографических понятий и терминов. Народные знания. Фольклор. Народное искусство. М., 1991, с. 75—83). Такім чынам, зазначым, што ў аснове этнічнай свядомасці і этнічнай культуры палягае міф як пэўная сэнсаўтваральная анталагічная дадзенасць. Разам з этнічнай культурай эвалюцыянавала і мадыфікавалася адпаведная этні­чная свядомасць. Са з’яўленнем на нашых землях хрысціянства, так бы мовіць, “чыстай” этнічнай свядомасці на ўзроўні індывіду не засталося.