Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 45

Невядомы

Тую ж самую думку можна сфармуляваць і інакш, а менавіта: тып культуры залежыць (у еўрапейскіх народаў асабліва) ад ступені аддаленасці ці набліжанасці да антычнасці альбо хрысціянства. Гістарычныя адносіны хрысціянскай і антычнай традыцыяў у перыяд ад Рэнесансу да Асветы на базе новых гуманістычых канцэптаў складаліся ў новыя ўстаноўкі свядомасці: Чалавекабог выцясьняў Богачалавека. Абагаўленне прыроды і чалавечае існасці — гэта ні што іншае, як рэмінісцэнцыя антычнай культуры. Вяршыняй гучання антычнасці быў час класіцызму... Асветнікі свядома і актыўна супрацьпастаўлялі хрысціянству волю чалавека на зямное шчасце... Аднак антыхрысціянскі імпэт асветнікаў зусім не сведчыў аб іхнай антырэлігійнасці. Атэістаў у Францыі, а тым болей у Расеі ХVIII ст., было мала. Часцей за ўсё назіраецца дзіўная сувязь філасофскага сэнсуалізму, дэізму, традыцыйнага праваслаўя, містыцызму, скептыцызму... І Бог яго ведае, якім чынам гэта ўсё зьмяшчалася ў галовах людзей ХVIII ст. Але гэта яшчэ раз падкрэслівае нашу думку аб прынцыповай неэлімінацыі, незнікненні рэлігійнага дагмату з вызначальных сэнсаў гістарычнае эпохі. Іншая справа, што ў адной культуры ў пэўны гістарычны час можа дамінаваць тое, што неўласціва суседнім культурам. Прычына гэтай з’явы тыпалагічная. Тып “паво­дзін” культуры любога народу падаецца звонку часам незразумелым, але калі дакладна прасачыць развіццё узаемаадносін азначаных намі парадыгмаў, то, здаецца, шмат што можна растлумачыць.

У мораку маіх пакояў, У прысіні маіх садоў, Блукае вецер родам з мора, А можа з гарадзкіх валоў.

1993 г.

Эйдас — Сутнасць і падставы рэлігіі

Рэлігія — найстаражытнейшая частка чалавечай культуры, даўнейшая, прынамсі, ад навукі, прафесійнага мастацтва і, тым больш, тэхналогіі. Напэўна, мае рацыю Эрых Фром, сцвярджаючы, што культуры без рэлігіі не было ў мінулым і наўрад ці можа быць у будучым. Нават калі людзі страчваюць інтуіцыю Боскага пачатку існага свету, і культура нібыта пазбаўляецца трансцэндэнтнага вымярэння,— гэта не азначае, што рэлігія знікае. Месца рэлігіі на нейкі час можа заняць навука ці тэхналогія (культ ведаў і асветы ў культуры Новага і Найноўшага часу; навукова-тэхнічная рэвалюцыя ХХ стагоддзя), ідэалогія (марксізм-ленінізм, фашызм, сучасны глабалізм) ці мастацтва (гіпертрафаваны эстэтызм у эпоху мадэрнізму). Можа заняць, але не замяніць яе.

Адзначаныя дэфармацыі-падмены ў культуры сведчаць аб тым, што адэкватнае разуменне рэлігіі — а гэта найперш заданне для філасофіі як “навукі першай”, паводле класічнага ідэалу антычных школ,— не ёсць справай простай і відавочнай, пра што і сведчыць той факт, што практычна ва ўсе часы існавалі розныя філасофскія канцэпцыі рэлігіі (як і розныя канцэпцыі філасофіі), якія збольшага можна тыпалагізаваць наступным чынам: