Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 44

Невядомы

б) спосабу гаспадарання, абумоўленага прасторай пражывання;

в) зададзенасці народу на пэўны тып культуры: альбо так званай трохзнакавай вертыкальнай, альбо чатырохзнакавай гарызантальнай.

Такім чынам, першыя рысы протаэтнічнага супольнага вопыту любога этнасу можна “счытваць” з календара ці, дакладней, каляндарнага часу, па якім ён жыве. Больш за тое, містычна і натуральна абраны тып календара вызначыў пазней і гістарычны час народу, карэктаваў міфалагічную ды этнічную свядомасць ягоных прадстаўнікоў і, відавочна, значна ўплываў на рэлігійна-дагматычнае часалічэнне, якое прыйшло разам з дамінацыяй рэлігійнае догмы, і, адпаведна, свядомасць рэлігійная значна залежала (хаця і пасіўна) ад формы часалічэння. Таму, калі аналізаваць вытокі свядомасці як этнічнае, так і рэлігійнае, а таксама шукаць глыбінныя адметнасці пэўнае культуры, то найперш неабходна скіраваць увагу на першасныя формы часаўспрымання народу: ягоныя хранасофію, храналогію, каляндарны час, гістарычны час. Бо, зноўку паўторымся, нішто не атрымала ў гісторыі і культуры абсалютнае незалежнасці ад вызначальных для чалавека трансцэндэнтальных фор­маў: прасторы і часу.

Першыя абрысы непаўторнасці культур узнікаюць з нераўнамернасці ўзаемапалягання міфа адносна дагмату на дыяхроннай восі кожнага народу. Адныя этнасы мелі вельмі вялікі прамежак у часе паміж фармаваннем уласнае міфалогіі, з аднаго боку, і рэлігійнае догмы, з другога, іншыя этнасы — меншы, і з гэтага вынікала, так бы мовіць, адметная “рознасць патэнцыялаў” паміж двума полюсамі сэнсаўтварэння. А гэтая адметнасць надавала пазней (у гісторыі) адмысловы фон культуры. Варта тут заўважыць такую істотную рэч, як “зьверхнасць” у часе адной парадыгмы над другой. Пытанне гучыць так: што з’яўляецца больш падставовым для культуры — міф ці догма? Адказ залежыць толькі ад пункту погляду даследчыка. Калі праблему разглядаць з пункту багаслоўя, то сумневу не ўзнікае: догма была заўжды, нават тады, калі не было нічога... А калі глядзець з пункту секулерызаванага, сцэінтысцкага мысьлення, то таксама пытанняў няма — міфалагічны перыяд палягаў значна раней у гісторыі этнасу, чым З’явілася рэлігійная догма. Таму гэтае пытанне мусіць быць проста знятае: яно для нас у дадзены момант не актуальнае.

Такім чынам, тып культуры першасна задаецца формаю дамінавання ў ёй адной з парадыгмаў. Калі дамінуе ў свядомасці этнасу міф, то адпаведна культура ягоная будзе “афарбавана” сімваламі этнакультуры, а калі дамінуе догма, то культура сакралізуецца, адцясьняючы на перыферыю формы народнае культуры. Возьмем для прыкладу культуры народаў Усходняе Еўропы ды праваслаўнае Расеі. Нават звонку заўважна, што міфалагемы этнасаў Балтыі, Польшчы, Чэхіі ды інш. натуральна сінтэзавалася з формамі ўласна хрысціянскае традыцыі ў адну нацыянальную культуру. Іншая рэч адбываецца ў свядомасці азіяцкага тыпу, дзе дамінуе праваслаўна-дагматычная форма культуры. Там народная культура інтэрпрэтуецца гэтак адмыслова, што неўпрыкметку глыбінныя міфалагічныя пласты культуры проста затушоўваюцца. Безумоўна, на гэта ўплывае глыбокае пранікненне рэлігійнага дагмату абсалютна на ўсе сфэры тамтэйшага жыцця, нават у дзяржаўную сферу. У Візантыі колісь такая гіпердамінацыя дагмату атрымала прыгожы назоў сіфмоніі... І не дзіўна, у такім разе, што рэфарматар расейскае культуры ХVIII ст. Ламаносаў сэнсы ды натхненне асягае не толькі ў трансцэндэнцыях Боскага, але і ў вобразе Дзяржавы. На той час для Расеі гэта было ўжо тоесным...