Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 39

Невядомы

***

Назавем традыцыю, у якой магчымыя й у якой адбываюцца такія рэчы,— транскультурнай. Такая — транс-культурная — традыцыя складаецца з гетэрагенных элемэнтаў, ейныя тэксты, напісаныя на розных мовах, належаць да розных культурных і цывілізацыйных тыпаў, часам зьвязаны з больш шырокім макрарэгіянальным кантэкстам, уваходзяць у некалькі традыцыяў.

Пры гэтым уласна народ — пры ўсёй ягонай сацыяльнай і культурна-палітычнай дыфэрэнцыяцыі — падзяляючыся нашляхту і сялян, праваслаўных і каталікоў, беларусаў і западных русских… вагаючыся, адхіляючыся, пераходзячы ад адной ідэнтычнасьці да іншай, вандруючы праз мовы, дыялекты, імпэрыі й культурныя эпохі, заставаўся адзіным і цэльным этнакультурным масывам — які задаваў счэпленасьць, цэльнасьць, лучнасьць усіх гэтых узаемавыключальных рознасьцяў і прымушаў імкнуцца да мэта-пазыцыі, у якой усе гэтыя размаітасьці маглі б быць убачаныя як часткі аднаго цэлага.

***

Для культуры нацыянальнай альбо прота-нацыянальнай, арыентаванай на нутраную гамагеннасьць, транскультурная традыцыя ёсьць заўсёды праблемай і выклікам. Нацыянальная культура, пішучы традыцыю, ствараючы наратыў традыцыі, імкнучыся быць поўнай, натыкаецца на зоны непразрыстасьці, тэрыторыі Іншага. Нацыянальная ідэнтычнасьць сутыкаецца з тэкстамі і кантэкстамі, дзеля за-сваеньня й пры-сваеньня якіх недастаткова фармальнай (ці рытуальнай) адаптацыі,— прысвойваючы іх, культура вымушана засноўваць у сабе самой новыя тэрыторыі, ідэнтычнасьць, улучаючы ў сябе іншае, сама мусіць зьмяніцца. Адказваючы на выклік традыцыі, імкнучыся быць поўнай, нацыянальная культура ў выніку вымушана ставіць пад пытаньне самую сябе.

***

Калі паспрабаваць вызначыць крыніцы транскультурнасьці ў беларускай традыцыі, дык у розныя гістарычныя эпохі яны будуць рознымі. Але дзьве фундамэнтальныя рэчы застаюцца ў якасьці канстанты: існаваньне ў зоне цывілізацыйнага разлому й каляніяльныя — нэа- й посткаляніяльныя практыкі.

Гэта значыць, што за любымі франтальнымі зьменамі культурнай прасторы, як бы натуральна гэтыя зьмены ні выглядалі,— стаіць фэномэн улады.

***

Беларусь як праект канца дзевятнаццатага стагодзьдзя, праект культуры нацыянальнай — г.зн. мэта-культуры — быў запачаткаваны як спроба мэта-наратыву, як спроба культурнай цэльнасьці й цэласнасьці, у якім усе гэтыя ўзаемавыключальныя рознасьці знайшлі б сваё месца. Але, нягледзячы на высілкі, маючы тэкстуальныя мэта-амбіцыі, прасторава, тапалягічна Беларусь засталася на ўзроўні суб-культуры, адной зь некалькіх канкурэнтных праграм мадэрнізацыі Беларусі.

Сёньня беларуская культурная прастора ня ёсьць гамагеннай прасторай нацыянальнай культуры, у якой дынаміка (альбо дыялектыка) разгортваньня адбываецца як складаная гульня цэнтру й пэрыфэрыі, чаргаваньне рамантычных, мадэрных і постмадэрных мітаў. Беларуская культурная прастора мае складаную канфігурацыю бікультурнасьці: канфігурацыю суіснаваньня ў межах пэўнага паўвызначанага цэлага беларускай і заходнерускай частак. І галоўныя падзеі ў межах культурнай прасторы адбываюцца паміж гэтымі складнікамі: барацьба за цэнтар, імкненьне быць лідэрам у гэтай канфігурацыі, жаданьне заваяваць найбольшую прастору, выцясьняючы, дыскрэдытуючы суперніка, робячы яго аб’ектам. Адным словам, культурная рэальнасьць апошняга стагодзьдзя ў Беларусі — гэта вайна культур, з усімі ейнымі эмпірычнымі й мэтафізычнымі наступствамі.