Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 38

Невядомы

Але нас цікавіць ня будучыня, а менавіта беларуская рэальнасьць — як рэальнасьць транскультурная, ейныя канфігурацыі, ейная генэалёгія й практыкі. І ў гэтым сэнсе матывацыі нашага разгляду не супадаюць ані зь лякальным наратывам чарговага беларускага адраджэньня, ані з правінцыйным жаданьнем далучэньня да прэстыжнага (і палітычна карэктнага) дыскурсу мультыкультуралізму, ані з акадэмічнымі практыкамі “адсоўваньня фіранак” перад вялікім заходнім наратывам, lumen naturale якога потым доўга й бяздомна блукае ў пустых незаселеных пакоях беларускай рэчаіснасьці. Нашае жаданьне — гэта аналітыка сучаснасьці, альбо стварэньне веды пра саміх сябе, з усімі наступствамі, якія спадарожнічаюць такому нахабству...

Такім чынам, беларускі досьвед транскультурнасьці — гэта не да-лучэньне, а вы-лучэньне: гэта спроба апазнаваньня й прачытаньня рэчаіснасьці, якая апошнія тры—чатыры стагодзьдзі заставалася неназванай, хаця й прысутнічала як маўклівая перадумова большасьці культурных практык. Гэта спроба даць рады з традыцыяй, у якой у розныя эпохі функцыянавала ў якасьці літаратурных шэсьць моваў: стараславянская, лаціна, старабеларуская, польская, расейская, новабеларуская,— пераемнасьць зь якой спрабуе навязаць новая, ужо монанацыянальная, беларуская культура. Гэта, зрэшты, спроба паддаць аналізу сёньняшнюю беларускую полікультурнасьць, якая — парадаксальным чынам — вонкава нагадваючы мультыкультуралісцкую ўтопію суіснаваньня розных культур у межах аднаго культурнага поля, насамрэч выяўляе сябе ў якасьці рэальнасьці вайны культур.

БЕЛАРУСКІ ДОСЬВЕД

Калі напрыканцы 1588 году “подканцлерый” Вялікага Княства Леў Сапега напісаў у прадмове да Статуту (Звароце да ўсіх саслоўяў), што мы “не обчым яким языком, але своим власным права списаныя маем”, наўрад ці ён мог сабе ўявіць, што менш чым праз стагодзьдзе большасьць абываталяў ВКЛ будуць чытаць “списаныя права” менавіта ў “обчым (г.зн. польскім) языку”, а яшчэ праз трыста год ягоны “власны язык” будзе характарызавацца некаторымі ангажаванымі навукоўцамі новай, уласна літоўскай Літвы як штучны канцылярскі жаргон Вялікага Княства, выпрацаваны на падставе “славянскіх дыялектаў”. Калі ў сярэдзіне 19 стагодзьдзя Міцкевіч ужо крыху іранічна цьвердзіў у EXEGI MUNI-MENTUM AERE PERENNIUS... што “Mnie w Nowogródku, mnie w Mińsku czytuje młodź, і далей, больш гераічна ...mimo carskich groźb, na złość strażnikom ceł/Przemyca w Litwę Żyd tomiki moich dzieł”, ён таксама ня мог сабе ўявіць, што праз стагодзьдзе гэбраям будзе не да ягоных кніг, а томікі ягоных твораў будуць чытацца ў Менску й Наваградку пераважна ў перакладах. Калі рэалізоўвалася савецкая мадэрнізацыя й задумваўся савецкі народ як найвышэйшая супольнасьць, наўрад ці хто мог сабе ўявіць, што напрыканцы сямідзясятых цэлая генэрацыя беларусаў, выхаваная ў расейскай мове, расейскіх школах і на ўзорах вялікай рускай культуры, раптам сыдзе ў беларускі нацыяналізм, прычым, у самым культур-радыкальным ягоным варыянце, зьмяняючы — раптам і адразу — мову, мэнтальнасьць, культурную ідэнтычнасьць і геапалітычныя арыентацыі — як свае ўласныя, так і нованабытай традыцыі.