Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 36

Невядомы

З гэтага боку тэрмін транскультурнасьць вядзе нас да праблемы сёньняшняй тапалёгіі (альбо нават онталёгіі) культур, да праблемы структурных, дынамічных і сэнсавых дачыненьняў між культурамі, дачыненьняў, зь якіх культурны дыялёг ёсьць толькі адной — і ня самай распаўсюджанай, формай. Транскультурнасьць ставіць праблему новых культурных межаў, іхнае прыроды й разьмяшчэньня, межаў, якія не супадаюць ні зь межамі геаграфічнымі, ні з этнічнымі, ні зь дзяржаўнымі, і якія ня толькі аб-мяжоўваюць, але й разьмяжоўваюць культуру ўздоўж і ўпоперак.

***

Транскультурнасьць, зрэшты, ставіць пад пытаньне нарматыўнасьць эўрапейскай мадэрнай утопіі — культуры нацыянальнай, культуры, паводле вызначэньня, гамагеннай, саматоеснай, межы якой супадаюць з палітычнымі межамі, культуры, дакладна адмежаванай ад суседніх. Сёньня нацыянальныя культуры, захоўваючы сымбалічную сувязь з нацыянальнай тэрыторыяй, у рэальнасьці лякалізаваны там, дзе існуюць зоны прадукаваньня, спажываньня, інтэрпрэтацыі ды сымбалічнага прысваеньня іхных тэкстаў. Гэта значыць, што прасторава культуры маюць структуру Архіпэлягу, а не аднароднай, гамагеннай разьмеркаванасьці. Гамагенная нацыянальная культура ніколі не была рэальнасьцю, яна была, хутчэй, культурнай утопіяй эўрапейскай мадэрнасьці, якой надавалася пэўная нарматыўная вартасьць. Гэтая ўтопія ніколі не была рэалізавана да канца нават у самых мадэрнізаваных краінах. А з прыходам постмадэрнасьці сама нарматыўнасьць гэтай мадэлі пастаўлена пад сумнеў. Бо калі разглядаць такую мадэль як адзіную норму, дык ня толькі прастора беларускай традыцыі й сучаснасьці будуць не-нармальнымі, але й большасьць сучаснага сьвету будзе выступаць выключна ў сьвятле няскончанай, недабудаванай эўрапейскай мадэрнасьці.

***

Нельга сказаць, што панятак транскультурнасьці знаходзіць сябе ў інтэлектуальным вакууме: ён адразу выклікае асацыяцыі з транстэкстуальнасьцю Жэрара Жэнэта, трансгрэсіямі Мішэля Фуко, а таксама з плоймай іншых тэрмінаў — ад мультыкультуралізму да полі-, кроскультурнасьці. Ён нібыта арганічна ўкладаецца ў ідэалягічную плынь сучаснага Захаду, якая бярэ пачатак у шасьцідзясятых гадох нашага стагодзьдзя, якая мае агульнае гасла “celebration of diversities” — “сьвяткаваньне рознасьцяў”. Сюды ўваходзяць і розныя кшталты акадэмічна абгрунтаванага культурнага рэлятывізму, і ідэалёгія мультыкультуралізму ў Амэрыцы, якая актыўна пасунула са свайго месца ідэалёгію “melting pot”, і культурная талеранцыя як эўрапейскі варыянт мультыкультуралізму, што стаўся лякальным адказам Старога Сьвету на глябальны выклік неасыміляванай іміграцыі. З аднаго боку, гэтая кантэкстуальнасьць цалкам слушная, і мы будзем актыўна пазычаць для аналізу беларускай сытуацыі адпаведны інтэлектуальны інструмэнтар.