Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 268

Невядомы

Люстэрка ўтвараецца зь пераніцаваньнем тканіны мёбіўсавай стужкі, калі рух сьвятла нечакана сустракаецца сам з сабой. Цемра паварочваецца да сьвятла сваёй блішчастай сьпінай, нанова спалучаючы стужку, але ўжо аднолькавымі канцамі. Такім чынам утвараецца бел-чырвона-белая сымэтрыя, якая кідае сьвятло ў люстраную вязьніцу. Падваеньне сьвятла тым самым удвая ўзмацняе сьвятло. Двойчы белае люстра ўдвая падобней на сонца й удвая сьвятлей за яго. Канцы стужкі злучаюцца, на гэты раз размыкаючы паверхню суцэльнай цемры й паверхню суцэльнага сьвятла. Сьвятло пачынае шалёна матляцца ў заганным крузе, бясконца адбіваючы сябе сабой, шукаючы выйсьця на другі бок сябе.

Зь першым перакрутам люстра разрывае мёбіўсаву аднавымернасьць, і тым самым разгортвае двухвымерную паверхню. Наступны перакрут двухвымернасьці расьсьцілае дываны вертыкалі й гарызанталі. Так званы трохвымерны сьвет зьяўляецца насамрэч чатырохвымернай раскруткай адлюстраваньня аднавымернасьці. Вертыкальны й гарызантальны перакрут утвараюць зман глыбіні таго, што ня мае нават працягласьці. Першы люстраны перакрут зьяўляецца найперш раскрутам роўніцы. Кожнае наступнае люстра, перакручваючы ейныя бакі, толькі замацоўвае гэты падман.

Мяняючы месцамі правы й левы, або верхні й ніжні бакі, другі перакрут тым самым замацоўвае ня менш зманлівую сапраўднасьць першага раскруту прасторы й часу. Перакручваючы верхняе й ніжняе, люстры вачэй насамрэч гэтым і ствараюць іхнае супрацьстаўленьне. Перакручаная дагары нагамі выява яшчэ раз адбіваецца, цяпер ужо люстрам рацыі, якое, вяртаючы вертыкаль у “ранейшае” становішча, ня толькі стварае новы падман, але й спраўджвае стары. Немаўля бачыць сьвет перакуленым... Такое самае ўзьдзеяньне маюць некаторыя галюцынагены, што перапыняюць рацыйную працу. Таму зрок абавязкова ёсьць падманам зроку.

Малпа сьвятла спрабуе заняць ягонае месца. Першапачатковая нядзейнасьць люстра, якое толькі адбівае, але не выпраменьвае сьвятла, у выніку абяртаецца ягонай вычваральнай дзейнасьцю. Узьнікненьне люстэрка на шляху сьвятла выкрадае ролю суб’екту ў ягонай крыніцы. Выпраменьваньне з прэдыкату ператвараецца ў аб’ект адлюстраваньня. Адлюстраванае сьвятло стаецца адсьветам, прэдыкатам новай канструкцыі. Ейны новы суб’ект хаваецца за блішчастай глянцаванай паверхняй. Але ў выніку пераламленьня простай дарогі сьвятла свайго лёсу ўнікае менавіта ягоны немінучы аб’ект — цемра.

Цнота й таямніца сапраўднай цемры не парушаюцца зрокам. Чорны колер — гэта ўжо колер ейнае паразы. Роўніца люстра, застаючыся невідочнай і бясколернай, выяўляецца адзіным сховам цемры й хітрай пасткай для сьвятла. Цемра робіцца ўсюдыпрысутным і ўсёнапаўняльным богам адлюстраваньня, адсьвет якога насамрэч абяртаецца яго адценьнем. Новы суб’ект стварае сьвет ex nihilo, якім для яго стаецца былое бытнае, быцьцё. Бог стварае сьвет, але сам не зьяўляецца ягонай часткай. Богазьяўленьне ў стварэньні можа абярнуцца толькі ягонай сьмерцю. Вось таму ён й прымае толькі адмоўнае багаслоўе.