Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 266

Невядомы

Бачыць можна толькі адлюстраваньне. Так заргагізаваны чалавечы зрок. Крышталікі вачэй утвараюць люстраную дарогу сьвятла. Бязь люстра немагчыма бачыць ня толькі сябе, але й бачыць наагул. Адбіты й не паглынёны целам прамень дасягае “люстэрка душы”, і ўжо з гэтай выявай працуе розум. Ён, у сваю чаргу, уяўляе выяўленае, адлюстроўваючы ўжо адлюстраванае. Адлюстраваньне складае саму сутнасьць зроку, і любая магчымая выява й уява — гэта адно адлюстраваньне, а любое люстра — гэта ўжо другое ці яшчэ адно люстра. Калі першае люстра ўчыняе падзел на адлюстраваньне й адлюстраванае, кожнае наступнае люстра памнажае адлюстраваньні.

Частка прамянёвай гамы паглынаецца целам, другая — адбіваецца й дасягае люстра. Адбіцьцё поўнай каляровай гамы ўспрымаецца як белы колер, яе поўнае паглынаньне — як чорны. У адрозьненьне ад усякага іншага цела, люстра ня мае свайго колеру, і перадае колер адбітага сьвятла. Звычайна яно складаецца з празрыстага шкла, пакрытага якой-колечы бліскучай фарбай, чорнага з адваротнага боку. Аднак люстэркам можа быць любая пляскатая блішчастая паверхня з глянцаванага дрэва, каменя, мэталу. Месяцовай ноччу ў люстэрка ператвараецца вада. Адным бокам яно вяртае сьвятло, другім ахоўвае цемру ад яго пранікненьня.

Убачыць люстра немагчыма. Пагляд у люстэрка сустракае толькі адлюстраваньне, само люстра застаецца невідочным. Можна ўбачыць нелюстраны бок люстра, але тым самым бачыцца зусім ня люстра. У гэтай невідочнасьці люстра крыюцца адначасова і схоў, і пастка. Пашкодзіць люстра можна толькі ззаду. Зьдзіраньне блішчастай фарбы зноў ператварае яго ў празрыстае шкло. Сьпераду яго можна разьбіць, але немагчыма пазбавіць люстранасьці. Разьбіцьцё люстэрка зноў памнажае яго на мноства маленькіх люстэркаў. Зьнішчыць люстранасьць люстэрка можна адно там, дзе яе няма. Перамагчы яе можна толькі падступным ударам у нелюстраную сьпіну. Трывалае самазамкнёнае люстра робіцца непераможным.

Цемра — цень сьвятла. Супрацьстаўленьне сьвятла й цемры — гэта супрацьстаўленьне белага й чорнага, дзейнага й нядзейнага. Цемра — адначасова і вынік, і нястача сьвятла, і ня толькі ня ставіць яго пад сумнеў, але й пацьвярджае ягоную першаснасьць. Адбіваючы сьвятло, цела стаецца перашкодай прамянём, і пакідае ззаду неасьветленую пляму цемры. Супрацьстаяньне сьвятла й люстэрка — гэта супрацьстаяньне сьвятла й сьвятла, дзейнага й дзейнага. Цемра, няхай як чорны колер, але ўспрымаецца зрокам, у той час як люстра пасьпяхова яго ўнікае, падсоўваючы замест сябе чужую выяву.

Перамяшчаючы выяву, люстэрка стаецца пасярэднікам, што хаваецца за пасланьнем. Адлюстраваньне ўтварае восі каардынат, на якіх само люстра займае становішча нерухомага й бязважкага нуля. Ягоная сутнасьць можна назваць нібытам — тым, што ёсьць няпэўна, і тым, чаго няма ў незалежным стане. Адлюстраваньне, адпачатку другаснае дзеяньне, выяўляецца стваральнікам сьвету — прасторава-часавай працягласьці, паколькі прастора й час узьнікаюць толькі зь пераадоленьнем адлегласьці. Невідочным гаспадаром гэтага сьвету стаецца тое, што пераносіць сьвятло — люцыфэр.