Читать «Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня» онлайн - страница 267

Невядомы

Люстраны падзел нібыта памнажае бытнае на два, пасьля чаго наладжвае яго вытворчасьць. Аднойчы скапіяваўшы бытнае, ён надалей пакідае арыгінал у спакоі патэнцыі, пакрысе паскараючы выраб, тыражаваньне й распаўсюджаньне ягоных выяваў сярод наступных люстэркаў. Адлюстраваньне робіць бытнае быцьцём, цалкам магчымым, але неверагодным. Нерухомасьць быцьця ператварае яго ў нерухомую маёмасьць жвавага нябытнага, якім для люстэрка стаецца перамяшчальнае адлюстраваньне.

Люстра падзяляе бытнае на яву й ейнае выяўленьне, то бок стварае не зусім бытнае ці зусім нябытнае. Актыўнасьць выяўленьня робіць яго больш падобным на яву, то бок нават большай явай за яву. Чыннасьць экзыстэнцыі робіць яе больш падобнай на бытнае за быцьцё, якое ў выніку сваёй зьнерухомленасьці абвяшчаецца нябытам. Дзейнае нябытнае падмяняе бытнае. Адлюстраваньне непазьбежна падмяняе адлюстраванае таму, што больш на яго падобна.

Люстраны зрух упершыню ўчыняе адрозьненьне дзейнага й нядзейнага, разрываючы кола сьвятла на трыяду суб’екту, прэдыкату й аб’екту. Да зьяўленьня на шляху сьвятла люстэрка бытнае зьяўляецца самазамкнутым колам сьвятла. Уласна, да сустрэчы зь люстраной перашкодай ёсьць адно бытнае, і бытнае ёсьць суцэльным сьвятлом. Бо суцэльная цемра — папросту нябыт, а асьветленая цемра зьяўляецца ўжо ня цемрай, а сьвятлом. Калі ёсьць сьвятло, няма цемры, і, адпаведна, калі няма сьвятла, няма нічога. Суцэльнае сьвятло “ёсьць” несьвядома, само па сабе, ніяк не супрацьстаўляючыся цемры. Калі прамень не сустракае перашкоды, цемра ня мае ніякага шанцу ўзьнікнуць. Цемра стаецца пасіўным аб’ектам сонечнага ўдару толькі абароненая люстрам, і ні ў якім разе не зьяўляецца ім адпачатку.

Да зьяўленьня люстэрка ўсё ёсьць адно сабой, што, тым ня менш, ня бачыць сябе, паколькі бачыць можна толькі адно аднаго. Такі першасны стан у наяўнай люстраной множнасьці можна прыблізна перадаць аднавымернай стужкай мёбіўса, якая мае ўсяго адну паверхню. Для зьяўленьня люстэрка стужка павінна сьпярша разарвацца, для чаго, у сваю чаргу, неабходны яе перакрут. Разрыў стужкі мёбіўса ўтварае яе двухвымернасьць, выяўленую роўніцай. Нават больш за тое, разрыў разгортвае чатырохвымернасьць, утвараючы дзьве паверхні адной стужкі. Белы бок разарванай стужкі стаецца сонцам, крыніцай сьвятла, якая з усёй сілай выцягвае чырвоныя прамяні да адваротнага, чорнага боку стужкі. Архітэктура сьвятла набывае свой прэдыкат у выглядзе руху сьвятла й аб’ект у “асобе” цемры.

Да зьяўленьня люстра няма ні прасторы, ні часу, якія ўзьнікаюць толькі як вынік адлюстраваньня. Таму ўзьнікненьне люстра зьяўляецца адначасова як самім чынам, так і ягонай прычынай ды вычынам. Усякае пытаньне пра прычыну й мэту мае наўвеце часавую пасьлядоўнасьць і прасторавую працягласьць. Тым часам толькі чын люстра стварае саму магчымасьць запытаньня ягонае прычыны. Кожнае такое пытаньне можа мець адназначным адказам толькі само люстэрка. Усе падзеі люстра ўчыняюцца разам і адначасова, толькі сваім зьдзяйсьненьнем ствараючы аддаленасьць.